Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/79

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

руская мова і быт былі больш зразумелымі і блізкімі, чым польская мова і польскі быт, дзеля чаго яны карысталіся моваю беларускай большасьці на кожным кроку. Новыя ураднікі, выкліканыя з Расіі, зусім ня былі знаёмы ні з мясцовым бытам, ні з моваю, дзеля чаго беларускія працоўныя нізы, каторыя, апроч сваёй мовы, ніякай другой ня ведалі, сталі тым лагаднейшым матар'ялам для чыноўніцкага кручкатворства і судовай валакіты. Трэба сказаць, што вызывы ураднікаў з цэнтральнай Расіі вялікіх вынікаў у першыя часы ня мелі. Першыя кадры рускага чынавенства на Беларусі зьбіраліся паціху. У саракавыя годы лік выкліканых ураднікаў складае 25-30% усяго чынавенства на Беларусі. Бачачы гэта, рускі урад выдаў загад, каб мясцовыя ураднікі, палякі і беларусы, вучыліся для дзелаводзтва рускай мове. Быў назначан тэрмін, пасьля якога ня ведаўшыя рускай мовы ураднікі выключаліся з урадавых устаноў.

Што датычыць да панства, каторае прымала удзел у паўстаньні, то яно ў сваёй большасьці пастаралася ўсякімі спосабамі ўвастанавіць добрыя адносіны з рускім урадам па зразумелых прычынах. Пацярпела больш шляхта, каторая ў паўстаньні далёка зашла. Найбольш дадалося безабароннай, малазямельнай, дробнай, так званай засьценкавай шляхце. Нязначная меншасьць панства і шляхты, каторая не ўвашла ў згоду з рускім урадам, часткаю ўцякла заграніцу ў эміграцыю, часткаю была асуджана і выслана «в места не столь отдаленные Сибири». Маёнткі тых і другіх былі рэквізаваны ў скарб і раздаваліся потым за «заслуги пред царем и отечеством» рускім дваранам і ураднікам. Вельмі часта з рэквізаваных зямель выкрайваліся надзелы для сьвяшчэньнікаў праваслаўных парафій. Земляўласьніцтва на Беларусі ў сваёй аснове ўсё-ж такі засталося польскім, як і раней. Гэты факт утварыў для польскай эміграцыі магчымасьць, цераз аблажэньне нелегальнымі падаткамі зямель сваіх радакоў, прыгатаўляць экономічныя рэсурсы для будучага паўстаньня і падрываць усе адміністрацыйныя распараджэньні ураду, накіраваныя на ўраўненьне краю з цэнтральнай Расіяй.

Пачынаючы з часоў Паўла І, суд на Беларусі зноў адпраўляўся па нормах Літоўскага Статуту, каторы пры далучэньні Беларусі да Расу быў выкасаван з ужытку урадам Катарыны ІІ. Беларускія масы звыклі да гэтых норм, карыстаючыся імі на працягу соцен год. Яны вырасьлі на мясцовай глебе і, як такія, адпавядалі укладу мясцовага жыцьця. Урад імпэрыі па сваёй гістарычнай і політычнай няпісьменнасьці быў пераконаны, што Літоўскі Статут цалкам ёсьць продукт польскай дзяржаўнай творчасьці. Адсюль урадам рабіўся вывад, што «польскае» права, апрацованае ў Літоўскім Статуце, трэба замяніць рускім правам, аб чым і пісаў у сваёй запісцы М. Н. Мураўёў.