Старонка:Домбі і сын.pdf/125

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

гэты раз, умела трымаючы іх у роўнавазе, Поль выбраўся з пакоя і спусціўся з некалькіх ступенек, дзе зноў выпусціў дзве кнігі. Але астатнія ён трымаў так моцна, што згубіў толькі адну на другім паверсе і адну ў карыдоры, і, данёсшы рэшту ў класны пакой, зноў пайшоў наверх падбіраць астатнія. Сабраўшы, нарэшце, усю бібліятэку і ўскарабкаўшыся на сваё месца, ён узяўся за работу, заахвочаны заўвагай Тозера, які выказаўся ў тым сэнсе, што «цяпер за яго ўзяліся»; больш ніхто не перашкаджаў яму да снедання. У часе снедання, за якое ён узяўся без усякага апетыту, усё было таксама ўрачыста і прыемна, як і ў часе ранейшых; пасля снедання ён пайшоў за міс Блімбер наверх.

— Ну-с, Домбі, — сказала міс Блімбер, — што вы здабылі з гэтых кніг?

Сярод іх было некалькі англійскіх і вельмі шмат лацінскіх; у іх ён знайшоў назву прадметаў, скланенне членаў і назоўнікаў, адпаведныя практыкаванні і пачатковыя правілы, крыху аб правапісе, погляд на старажытную гісторыю, дзве-тры заўвагі аб новай, некалькі прыкладаў з табліцы множання, дзве-тры меры вагі і сякія-такія агульныя звесткі. Калі небарака Поль прачытаў па складах нумар другі, ён выявіў, што нічога не ведае аб нумары першым, урыўкі якога пазней уварваліся ў нумар трэці, які прашмыгнуў у нумар чацверты, што прырос да нумара другога.

— О, Домбі, Домбі! — сказала міс Блімбер. — Гэта вельмі дрэнна.

— Прабачце, — сказаў Поль, — мне здаецца, калі-б я мог калі-нікалі размаўляць са старым Глабам, справа пайшла-б У мяне лепш.

— Глупства, Домбі! — сказала міс Блімбер. — Пра гэта я і чуць не хачу. Тут не месца для Глабаў. Мне здаецца, Домбі, вы павінны браць гэтыя кнігі ўніз па адной, спачатку засвоіць вызначаную на сёння частку прадмета «А», а пасля ўжо брацца за прадмет «Б». Цяпер, Домбі, вазьміце, калі ласка, верхнюю кнігу і прыходзьце, калі засвоіце ўрок.

Міс Блімбер выказала сваю думку па пытанню аб невуцтве Поля з хмурым здавальненнем, нібы чакала такога выніку і радавалася, што паміж імі будуць сталыя зносіны. Поль пайшоў з верхняй кнігай, як было яму загадана, і, зышоўшы ўніз, узяўся яе вывучаць; то ён памятаў кожнае слова, то забываўся ўрок ад пачатку да канца, а ў дадатак усё астатняе, пакуль, нарэшце, не асмеліўся падняцца зноў наверх, каб адказаць урок, які ледзь было не выскачыў у яго з галавы, перш чым, ён паспеў пачаць, бо міс Блімбер закрыла кнігу і сказала: «Прадаўжайце, Домбі!»; учынак гэты так яскрава паказваў на маючыяся ў міс Блімбер веды, што Поль паглядзеў на маладую лэдзі ў жаху.

Тым не менш ён справіўся са сваёй задачай вельмі добра, і міс Блімбер, пахваліўшы яго за тое, што ён кемлівы і ёсць надзея на хуткае развіццё, адразу-ж забяспечыла яго прад-