Старонка:Домбі і сын.pdf/130

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Тутс быў не на жарты перапалохан гэтым нечаканым воклічам пасля таго, што адбылося раней, і крыкнуў:

— Хто?

— Мая сястра Фларэнс! — ўсклікнуў Поль. — Глядзіць сюды і махае рукой. Яна мяне бачыць, яна мяне бачыць! Спакойнай ночы, дарагая, спакойнай ночы, спакойнай ночы!

Хуткі пераход да нястрымнай радасці, калі ён стаяў ля акна, пасылаючы паветраныя пацалункі і пляскаючы ў далоні, і перамена, што адбылася з ім, калі Фларэнс ужо знікла з позірку, а маленькі тварык пацямнеў і на ім застыў цярпліва-смутны выраз, былі так прыкметны, што не маглі ўнікнуць нават ад увагі Тутса. З тае прычыны, што спатканне іх было ў гэты момант прапынена візітам місіс Піпчын, якая мела звычай разы два на тыдзень, пад вечар, прыгнятаць Поля сваімі чорнымі спадніцамі, Тутс не меў магчымасці скарыстаць гэты выпадак, але ён зрабіў на яго такое моцнае ўражанне, што Тутс, абмяняўшыся звычайнымі прывітаннямі, два разы варочаўся, каб запытацца ў місіс Піпчын, як яна маецца. Нервовая старая лэдзі ўбачыла ў гэтым хітрую і наўмыскую знявагу, пароджаную д'ябальскай вынаходлівасцю падслепаватага маладога чалавека ўнізе, і ў той-жа вечар падала на яго афіцыяльную скаргу доктару Блімберу, які заявіў маладому чалавеку, што калі гэта яшчэ паўторыцца, ён вымушаны будзе з ім расстацца.

Вечары зрабіліся цяпер даўжэйшымі, і кожны вечар Поль падкрадваўся да свайго акна, выглядаючы Фларэнс. Яна заўсёды праходзіла некалькі разоў узад і ўперад, у пэўную гадзіну, пакуль не ўбачыць яго; і гэта хвіліна, калі яны адзін другога заўважалі, была пробліскам сонечнага святла ў штодзённым жыцці Поля. Часта ў змроку яшчэ адзін чалавек прагульваўся перад домам доктара. Цяпер ён рэдка далучаўся да іх па суботах. Ён не мог гэтага вытрымаць. Ён лічыў, за лепшае прыходзіць, непазнаным, глядзець уверх на вокны, за якімі яго сын рыхтаваўся зрабіцца мужчынам, і чакаць, наглядаць, будаваць планы, спадзявацца.

РАЗДЗЕЛ ХІІІ

Весткі аб гандлёвым флоце і справы ў канторы

Кантора містэра Домбі змяшчалася ў дварэ, дзе з даўніх часоў быў на рагу ларок, які гандляваў адборнымі фруктамі, дзе разносчыкі абодвага полу прапаноўвалі пакупнікам у любы час ад дзесяці да пяці гадзін хатнія туфлі, запісныя кніжкі, губкі, нашыйнікі і ўінзорскае мыла, а іншы раз пойнтэра або карціну, намаляваную маслянымі фарбамі.

Але гандляры ніколі не прапаноўвалі іх містэру Домбі. Калі ён з'яўляўся, прадаўцы гэтых тавараў пачціва адступаліся.