Старонка:Домбі і сын.pdf/150

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

для Фларэнс, калі-б ён быў дзе-небудзь далёка, а яна сядзела там адна?

Трэба было падумаць таксама пра містэра Тутса і містэра Фідэра, бакалаўра мастацтваў; пра ўсіх хлопчыкаў і пра доктара Блімбера, і пра місіс Блімбер і міс Блімбер, пра дом і пра цётку і міс Токс; пра бацьку, Домбі і Сыне, пра Уолтэра і яго беднага старога дзядзьку, што атрымаў грошы, якія яму былі патрэбны, і пра гэтага капітана з хрыплым голасам і жалезнай рукой. Апрача ўсяго гэтага, трэба было зрабіць на працягу дня мноства маленькіх візітаў: пабываць у класным пакоі, у кабінеце доктара Блімбера, у пакоі місіс Блімбер, міс Блімбер і ля сабакі, бо цяпер ён карыстаўся правам разгульваць па ўсім доме; а з тае прычыны, што яму хацелася расстацца з усімі як найлепш, ён па-свойму стараўся ўсім дагадзіць. То ён знаходзіў патрэбныя месцы ў кнізе для Брыгса, які заўсёды іх губляў; то адшукваў словы ў лексіконах[1] для іншых маладых джэнтльменаў, якія трапілі ў бяду: то трымаў шоўк, які місіс Блімбер зматвала ў клубок; то наводзіў парадак на пісьмовым стале Карнеліі; то прабіраўся нават у кабінет доктара і, седзячы на дыване каля яго вучоных ног, паціхеньку пакручваў глобусы і адпраўляўся ў кругасветнае падарожжа або рабіў палёт сярод далёкіх зорак.

Карацей кажучы, у тыя дні перад самымі канікуламі, калі іншыя маладыя джэнтльмены знемагаліся, аднаўляючы ў памяці ўсё пройдзенае за паўгоддзе, Поль быў такім прывілеяваным вучнем, якога ніколі яшчэ не бачылі ў гэтым доме. Ён сам ледзь мог гэтаму паверыць; аднак, праходзілі гадзіны і дні, а свабоду ён захоўваў, і маленькага Домбі песцілі ўсе. Доктар Блімбер быў такім уважлівым да яго, што аднойчы ў часе абеду загадаў Джансону выйсці з-за стала, калі той неабдумана назваў яго «няшчасненькім Домбі», што, па думцы Поля, было, бадай, сурова і жорстка, хоць у той момант ён успыхнуў і здзівіўся, чаму Джансон яго шкадуе. Справядлівасць доктара была, на думку Поля, тым больш няпэўнай, што напярэдадні вечарам ён выразна чуў, як доктар згадзіўся з заўвагай, якую выказала місіс Блімбер, што няшчасненькі любы Домбі зрабіўся яшчэ больш дзівакаватым. Вось тады-ж Поль і пачаў думаць аб тым, што быць дзівакаватым — значыць быць вельмі худым і слабым і лёгка стамляцца і хацець дзе-небудзь прылегчы і адпачыць; а ён не мог не заўважыць, што гэта схільнасць развіваецца ў яго з дня на дзень.

Нарэшце, надышоў дзень вечарынкі, і доктар Блімбер сказаў у часе снедання:

— Джэнтльмены, мы адновім нашы заняткі дваццаць пятага наступнага месяца.

1.

  1. Лексікон — слоўнік з падрабязным тлумачэннем кожнага слова.