Старонка:Домбі і сын.pdf/152

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

жыўшы, што ў містэра Фідэра яны закасаныя, містэр Тутс закасаў і свае; але з прычыны таго, што ў наступнага госця манжэты былі выпраўлены, містэр Тутс выправіў і свае. Што датычыць гузікаў жылета, не толькі ніжніх, але і верхніх, то, па меры прыбыцця гасцей, варыяцыі зрабіліся такімі шматлікімі і рознастайнымі, што Тутс увесь час перабіраў пальцамі гэту прыладу туалета, нібы граў на нейкім інструменце, і, мусіць, лічыў бесперастанныя практыкаванні, з ім звязаныя, вельмі цяжкімі.

Калі ўсе маладыя джэнтльмены, завітыя, у тугіх гальштуках і лакіраваных туфлях, трымаючы ў руках новенькія капелюшы, сабраліся, прычым аб паяўленні кожнага было даложана дварэцкім, прышоў настаўнік танцаў, містэр Бепс, у суправаджэнні місіс Бепс, з якой місіс Блімбер абыходзілася ў вышэйшай ступені ласкава і спагадліва.

Поль знік са свайго кутка на канапе сярод падушак, які служыў яму назіральным пунктам, і спусціўся ў пакой, дзе быў сервіраваны чай, каб сустрэць Фларэнс, якую амаль два тыдні не бачыў, бо ў мінулую суботу і нядзелю аставаўся ў доктара Блімбера, каб не прастудзіцца. Хутка яна прышла, такая прыгожая ў сваёй скромнай бальнай сукенцы, з жывымі кветкамі ў руках, што, калі яна апусцілася на калені, каб абняць Поля за шыю і пацалаваць яго (бо нікога тут не было, апрача яго прыяцелькі і яшчэ адной маладой жанчыны, якія разлівалі чай), ён ледзь мог прымусіць сябе выпусціць яе або адвесці позірк ад яе ззяючых і любячых вачэй.

— Але што здарылася, Флой? — запытаўся Поль, амаль упэўнены, што ўбачыў слязу.

— Нічога, любы, нічога, — адказвала Фларэнс.

Поль асцярожна дакрануўся пальцам да яе шчакі — так, гэта была сляза!

— Што-ж гэта, Флой! — сказаў ён.

— Мы разам паедзем дадому, і я буду даглядаць вас, мой любы, — сказала Фларэнс.

— Даглядаць мяне! — паўтарыў Поль.

Поль не мог зразумець, якія адносіны гэта мае да слязы, чаму абедзве маладыя жанчыны глядзелі так сур'ёзна і чаму Фларэнс на секунду адвярнулася, а пасля павярнула да яго твар, які зноў свяціўся ўсмешкай.

— Флой, — пачаў Поль, трымаючы ў руцэ завіток яе цёмных валасоў, — скажыце мне, родная: як вы думаеце, я — дзівакаваты?

Сястра засмяялася, прыгалубіла яго і адказала:

— Не.

— Таму што я знаю — яны гэта гавораць, — прадаўжаў Поль, — і мне хочацца ведаць, што яны гэтым хочуць сказаць, Флой.