Старонка:Домбі і сын.pdf/155

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

звонкі голас, такі чысты і пяшчотны, залатое звяно паміж ім і ўсёй любоўю і шчасцем яго жыцця, загучаў сярод агульнага маўчання, — ён адвярнуўся і пастараўся схаваць слёзы. Справа не ў тым, як тлумачыў ён, калі з ім размаўлялі, справа не ў тым, што музыка была вельмі сумнай або нуднай, але яна такая прыемная для яго!

Усім спадабалася Фларэнс! Ды ці магло быць інакш?! Поль загадзя ведаў, што яны павінны яе палюбіць і палюбяць; і калі ён сядзеў у сваім кутку сярод падушак, спакойна склаўшы рукі і неахайна падагнуўшы пад сябе нагу, мала каму прышло-б у галаву, якой урачыстасцю і захапленнем напоўнена яго дзіцячае сэрца, калі ён глядзіць на яе, і якое прыемнае супакаенне ён адчувае. Узрушальныя пахвалы «сястры Домбі» ён чуў ад усіх хлопчыкаў; зачарованыя водзывы пра гэту стрыманую і скромную маленькую красуню былі ва ўсіх на вуснах; заўвагі наконт яе розуму і талентаў увесь час даляталі да яго. Надышоў час развітвацца, і тады ўсе захваляваліся. Сэр Барнет Скетлс падвёў Скетлса-малодшага паціснуць руку Полю і запытаўся, ці не забудзецца ён перадаць свайму добраму тату, што ён, сэр Барнет Скетлс, пасылае яму гарачае прывітанне і выказвае надзею на будучае блізкае сяброўства абодвух маладых джэнтльменаў. Лэдзі Скетлс пацалавала яго, разгладзіла яму валасы на ілбе і прытуліла яго да сябе.

— Да пабачэння, доктар Блімбер, — сказаў Поль, працягваючы руку.

— Да пабачэння, мой маленькі сябра, — адказваў доктар.

— Я вам вельмі ўдзячны, сэр, — сказаў Поль, нявінна пазіраючы знізу ўверх на гэты жахлівы твар. — Калі ласка, папрасіце іх добра клапаціцца пра Дыагена.

Дыагенам звалі сабаку, які за ўсё жыццё не меў ніводнага блізкага прыяцеля, апрача Поля. Доктар абяцаў, што ў часе адсутнасці Поля на Дыагена будуць звяртаць асаблівую ўвагу, і Поль, зноў падзякаваўшы яму і паціснуўшы руку, развітаўся з місіс Блімбер і Карнеліяй з такой шчырай сур'ёзнасцю, што місіс Блімбер у той момант забылася спамянуць пра Цыцэрона ў размове з лэдзі Скетлс, хоць увесь вечар збіралася гэта зрабіць. Карнелія, узяўшы Поля за абедзве рукі, сказала:

— Домбі, Домбі, вы заўсёды былі маім любімым вучнем. Ды благаславіць вас бог!

На думку Поля, гэта сведчыла аб тым, як лёгка пакрыўдзіць чалавека, бо міс Блімбер думала тое, што гаварыла, хоць была тыранкай.

Пасля сярод маладых джэнтльменаў пранёсся гул: «Домбі ад'язджае!», «Маленькі Домбі ад'язджае!», і ўсе, разам з сям'ёй Блімбераў, рушылі следам за Полем і Фларэнс уніз па лесвіцы, у вестыбюль. Усе слугі, на чале з дварэцкім, захацелі правесці маленькага Домбі, і нават падслепаваты малады чалавек, пера-