Старонка:Домбі і сын.pdf/157

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

але было яшчэ нешта, зусім нядаўна, што ўсё яшчэ прыводзіла яго ў недаўменне.

— Вудзьце ласкавы, я хачу пагаварыць з Фларэнс, — сказаў ён. — Толькі з Фларэнс, адну хвілінку!

Яна нахілілася да яго, а ўсе астатнія стаялі паводаль.

— Флой, любачка, ці не тата гэта быў у вестыбюлі, калі мяне вынеслі з карэты?

— Так, любы.

— Ён не заплакаў і не пайшоў у свой пакой, Флой, калі ўбачыў, што мяне нясуць?

Фларэнс паківала галавой і прыціснулася губамі да яго шчакі.

— Я вельмі рад, што ён не плакаў, — сказаў маленькі Поль. — Мне здалося, што ён заплакаў. Не гаварыце ім, пра што я пытаўся.


РАЗДЗЕЛ XV

Надзвычайная вынаходлівасць капітана Катля і новыя клопаты Уолтэра Гэя.

На працягу некалькіх дзён Уолтэр не мог вырашыць, як яму быць з барбадоскай справай; ён нават меў слабую надзею, што ў містэра Домбі, магчыма, не тое было на ўвазе, што сказаў, або раздумае і скажа яму аб адмене паездкі. Але з тае прычыны, што не здарылася нічога колькі-небудзь пацвярджаючага гэту здагадку (якая сама сабою была ў дастатковай ступені непраўдападобнай), а час ішоў і марудзіць было нельга, ён адважыўся без далейшых ваганняў.

Асноўная цяжкасць для Уолтэра заключалася ў тым, якім чынам паведаміць пра гэту змену ў яго справах дзядзьку Солю, для якога, ён адчуваў, гэта будзе жорсткім ударам. Атруціць настрой дзядзьку Солю такой здзіўляючай весткай было яму тым цяжэй, што за апошні час справы вельмі палепшыліся і стары так павесялеў, што маленькая задняя гасціная набыла ранейшы выгляд. Дзядзька Соль заплаціў у вызначаны тэрмін частку доўгу містэру Домбі і спадзяваўся заплаціць астатняе; і нарабіць яму зноў смутку, калі ён так мужна справіўся са сваёй бядой, было вельмі сумнай неабходнасцю.

Аднак, не магло быць і гутаркі аб тым, каб пайсці ад яго ціхенька. Дзядзька павінен быў даведацца пра гэта загадзя; цяжкасць заключалася ў тым, як яму сказаць. Што датычыць пытання, ехаць ці не ехаць, Уолтэр не лічыў, каб яго ўладай было выбіраць.

Калі містэр Домбі глянуў на яго і сказаў, што ён малады, а справы яго дзядзькі ідуць дрэнна, твар яго выказваў па-