Старонка:Домбі і сын.pdf/161

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

мог-бы яго пакінуць, капітан Катль. Усё гэта я вам расказаў не таму, што я ў роспачы, о не! Але патрэбна вас упэўніць, што я не магу выбіраць, служачы ў фірме Домбі, і куды мяне пасылаюць, туды я павінен ісці, і што мне прапаноўваюць, тое я павінен прыняць. Для дзядзі лепш, што мяне адсылаюць, бо для яго містэр Домбі — каштоўны сябра, якім ён сябе і паказаў, вам вядома гэта, капітан Катль; і я ўпэўнены, што ён не зробіцца менш каштоўным, калі не будзе тут мяне, каб штодзённа ўзбуджаць яго варожасць. Такім чынам, няхай жыве Вест-Індыя, капітан Катль! Як пачынаецца гэта песня, якую спяваюць маракі?

У порт Барбадос, хлопцы!
Весялей!
Старая Англія, бывай, хлопцы!
Весялей!

Капітан зацягнуў прыпеў:

Гэй весялей, весялей!
Гэй, весялей!

— А цяпер, капітан Катль, — сказаў Уолтэр, падаючы яму сіні фрак і жылет і вельмі мітусячыся, — калі вы пойдзеце і скажаце дзядзю Солю навіну (якую яму, на добры лад, варта было-б ведаць даўным-даўно), я, ведаеце, пакіну вас ля дзвярэй і пайду пабадзяюся да поўдня.

Аднак капітан, здавалася, быў не зусім узрадаваны даручэннем і зусім няўпэўнены ў сваёй здольнасці выканаць яго. Ён уладзіў жыццё і прыгоды Уолтэра зусім па-іншаму і к поўнай сваёй прыемнасці; ён так часта радаваўся сваёй празорлівасці і прадбачлівасці, якія выяўляліся ў гэтым уладжанні, і лічыў яго такім закончаным і дасканалым ва ўсіх адносінах, што вялікае намаганне волі патрабавалася ад яго, каб прысутнічаць пры тым, як усё развальваецца, і нават дапамагаць разбурэнню. У дадатак капітану вельмі цяжка было выгрузіць старыя свае ўяўленні аб гэтым прадмеце, прыняць на борт новы груз з той імклівасцю, якой патрабавалі абставіны, і не зблытаць абодва грузы. Такім чынам, замест таго, каб адзець фрак і жылет з той спрытнасцю, якая адна толькі і магла адпавядаць настрою Уолтэра, ён зусім адмовіўся апрануцца ў гэтае адзенне і сказаў Уолтэру, што з прычыны такой сур'ёзнай справы варта дазволіць яму «крышачку пагрызці ногці».

— Гэта ў мяне старая звычка, Уольр, — сказаў капітан, — яна пяцьдзесят ужо гадоў. Калі вы бачыце, што Нэд Катль грызе ногці, Уольр, ведайце, што Нэд Катль на мялі.

Пасля капітан сунуў паміж зубоў свой жалезны кручок, нібы гэта была рука, і з выглядам мудрым і глыбокадумным пачаў абмяркоўваць справу ў яе шматлікай разгалінаванасці.

— Ёсць у мяне сябра, — няўважліва мармытаў капітан, — але ў сучасны момант ён ходзіць ля ўзбярэжжа ў Уітбі, а ён можа выказаць такое меркаванне па гэтаму пытанню, ды і па ўсякаму