Старонка:Домбі і сын.pdf/170

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

думак у яго ўзнікла пытанне ці бачыў ён калі-небудзь сваю матку, таму што ён не мог успомніць, адказвалі яны яму на гэта «так» ці «не», — рака цякла так шпарка і затуманьвала яму галаву.

— Флой, ці бачыў я калі-небудзь маму?

— Не, любы; чаму вы пра гэта пытаеце?

— Няўжо я ніколі не бачыў такога ласкавага твару, як у мамы, нахіленага нада мною, калі я быў маленькім, Флой?

Ён пытаўся недаверліва, нібы перад ім вырысоўваўся нейчы твар.

— О, бачыў, любы!

— Чый-жа, Флой?

— Вашай старой карміліцы. Часта.

— А дзе мая старая карміліца? — запытаўся Поль. — Яна таксама памерла? Флой, мы ўсе памерлі, апрача вас?

Быў нейкі перапалох у пакоі, ён прадаўжаўся секунду, — магчыма, больш, але наўрад ці больш секунды, — пасля ўсё зноў сціхла і Фларэнс, збляднелая з твару, але з усмешкей, падтрымлівала яго галаву рукою. Рука яе вельмі дрыжэла.

— Калі ласка, пакажыце мне гэту старую карміліцу, Флой!

— Яе тут няма, любы. Яна прыйдзе заўтра.

— Дзякую вам, Флой.

З гэтымі словамі Поль заплюшчыў вочы і заснуў. Калі ён прачнуўся, сонца было высока, і дзень быў ясны і цёплы. Ён паляжаў крыху, пазіраючы на вокны, якія былі адчынены, і на фіранкі, што шамацелі і развяваліся на ветры; пасля ён сказаў:

— Флой, гэта ўжо «заўтра»? Яна прышла?

Здаецца, нехта пайшоў па яе. Магчыма, гэта была С'юзен. Полю здалося, калі ён зноў заплюшчыў вочы, нібы яна сказала яму, што хутка вернецца, але ён не адкрыў іх, каб паглядзець. Яна вытрымала слова — магчыма, яна і не хадзіла, — але першае, што адбылося ўслед за гэтым, былі крокі на лесвіцы, і тады Поль прачнуўся — прачнуўся духам і целам — і сеў, выпрастаўшыся ў пасцелі. Цяпер ён бачыў іх каля сябе. Не было больш шэрага туману перад ім, які быў часамі па начах. Ён пазнаў іх усіх і назваў па імёнах.

— А гэта хто? Гэта мая старая карміліца? — запытаўся хлопчык, пазіраючы ззяючай усмешкай на ўваходзіўшую жанчыну.

Так. Больш ніхто з чужых людзей не стаў-бы праліваць слёзы ўбачыўшы яго і называць яго дарагім яе хлопчыкам, любенькім яе хлопчыкам, яе небаракам, родным, змучаным дзіцем. Ніякая другая жанчына не апусцілася-б на калені каля яго ложка, не прыціснула-б да вуснаў і да грудзей яго схудзеўшую ручку, як чалавек, які мае нейкае права ласкаць яе. Ніякая другая жанчына не магла-б так забыцца пра ўсіх,