Старонка:Домбі і сын.pdf/175

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

дзённа пытаючыся ў Уолтэра, пераканаўся, што дні, якія астаюцца да ад'езду, праходзяць, у той час як не здараецца выпадак — і наўрад ці ён здарыцца — высветліць яго становішча. Вось тады, пасля доўгага абмеркавання гэтага факта і пасля доўгіх размышленняў пра неспрыяючы збег акалічнасцей, капітану прышла ў галаву надзвычайная думка. Што, калі ён зробіць візіт да містэра Каркера і ад яго пастараецца даведацца, з якога боку бераг?

Капітану Катлю вельмі спадабалася гэта думка. Ён старанна выпрабуе містэра Каркера і выкажацца больш або менш адкрыта не раней, чым усвядоміць сабе характар гэтага джэнтльмена і пераканаецца, паладзілі яны ці не.

Такім чынам, не баючыся сустрэць Уолтэра (які, як яму было вядома, пакаваў свае рэчы дома), капітан Катль зноў адзеў парадныя боты і траурную брош і рушыў у другую экспедыцыю. Гэтым разам ён не купляў букета для прынашэння, бо накіроўваўся ў дзелавую кантору; але ён усадзіў у пятліцу маленькі сланечнік, каб прыемны арамат вёскі патыхаў ад яго асобы, і з гэтым сланечнікам, сучкаватым кійком і глянцавітым капелюшам рушыў у кантору Домбі і Сына.

Асушыўшы ў бліжэйшай таверні шклянку цёплага ромавага грога, — а гэта дапамагае сабрацца з думкамі, — капітан праімчаўся па дварэ, каб не рассеялася добратворнае дзеянне рома, і раптам апынуўся перад містэрам Перчам.

— Прыяцель, — унушальным тонам сказаў капітан, — аднаго з вашых начальнікаў завуць Каркер.

Містэр Перч з гэтым згадзіўся, але, па абавязку службы, даў яму зразумець, што ўсе яго начальнікі заняты і бадай ці будуць мець калі-небудзь вольны час.

— Паслухайце, прыяцель, — сказаў яму на вуха капітан, — мяне завуць капітан Катль.

Капітан хацеў паціхеньку прыцягнуць да сябе Перча кручком, але містэр Перч выкруціўся.

— Калі вы будзеце так ласкавы і даложыце пры першай магчымасці, што прышоў капітан Катль, — сказаў капітан, — я пачакаю.

Сказаўшы гэта, капітан рассеўся на падстаўку містэра Перча і, выняўшы насавую хустку з тульі глянцавітага капелюша, які ён заціснуў паміж кален (не псуючы яго фасону, бо ніхто не мог-бы яго сагнуць), старанна выцер галаву і як быццам адчуў свежасць. Услед за гэтым ён прыгладзіў кручком валасы і сядзеў з бесклапотным выглядам, аглядаючы кантору і пазіраючы на клеркаў.

Стрыманасць капітана была такой бестурботнай, а сам ён здаваўся такім таямнічным стварэннем, што Перч, рассыльны, быў настрашаны.