Старонка:Домбі і сын.pdf/188

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

містэр Тутс, хвілінку падумаўшы, — каб я калі-небудзь адчуваў сябе лепш, дзякую вам.

— Вельмі міла, што вы прышлі, — сказала Фларэнс, беручыся за сваё рукадзелле. — Я вельмі рада вас бачыць.

Містэр Тутс адказваў хіхіканнем. Падумаўшы, што гэта можа здацца вельмі бойкім, ён замяніў яго ўздыханнем. Падумаўшы, што гэта можа здацца вельмі меланхалічным, ён замяніў яго хіхіканнем. Не зусім задаволены як тым, так і другім адказам, ён засоп.

— Вы былі вельмі добрым да майго дарагога брата, — сказала Фларэнс, у сваю чаргу падначальваючыся натуральнаму жаданню выручыць яго гэтай заўвагай. — Ён часта гаварыў мне пра вас.

— О, гэта не мае ніякага значэння, — паспешна сказаў містэр Тутс. — Цёпла, ці не праўда?

— Цудоўнае надвор'е! — адказвала Фларэнс.

Мне яно спадабаецца! — сказаў містэр Тутс. — Бадай ці адчуваў я сябе калі-небудзь так добра, як цяпер, вельмі вам удзячан.

Паведаміўшы аб гэтым цікавым і нечаканым факце, містэр Тутс праваліўся ў глыбокую бездань маўчання.

— Здаецца, вы рассталіся з доктарам Блімберам? — сказала Фларэнс, стараючыся дапамагчы яму выкарабкацца.

— Спадзяюся, — адказаў містэр Тутс і зноў паляцеў уніз.

Ён быў на дне, як відаць, захлябнуўшыся, не менш дзесяці хвілін. Калі прайшоў гэты тэрмін ён раптам усплыў на паверхню і сказаў:

— Ну, усяго добрага, міс Домбі.

— Вы ідзецё? — запыталася Фларэнс устаючы.

— Між іншым, я не ведаю. Не, яшчэ не цяпер, — сказаў містэр Тутс, зусім нечакана сядаючы зноў. — Справа ў тым… бачыце, міс Домбі!

— Гаварыце са мною больш смела, — з ціхай усмешкай сказала Фларэнс, — я была-б вельмі рада, калі-б вы пагаварылі пра майго брата.

— Сапраўды? — адазваўся містэр Тутс, і кожная рысачка яго твара, не вельмі выразнага ў іншых адносінах, дыхала спачуваннем. — Небарака Домбі! Сапраўды, я ніколі не думаў, што Берджэсу і кампанія — гэта модныя краўцы (але вельмі дарагія), пра якіх нам здаралася гутарыць, — давядзецца шыць гэтае плацце для такога выпадку. — Містэр Тутс быў у трауры. — Небарака Домбі! Бачыце! Міс Домбі! — выпаліў Тутс.

— Так? — адазвалася Фларэнс.

— Ёсць адзін сябра, да якога ён апошні час быў вельмі прывязаны. Я падумаў, што, магчыма, вам прыемна было-б мець яго як нейкі сувенір[1]. Вы памятаеце, як ён успамінаў пра Дыагена?

  1. Сувенір — падарунак на памяць.