Старонка:Домбі і сын.pdf/192

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Што здарылася? — строга запытаўся ён. — Чаму вы прышлі сюды? Што вас напалохала?

Калі што-небудзь яе спалохала, дык гэта быў яго твар, павернуты да яе. Любоў, якая палымнела ў грудзях яго юнай дачкі застыла перад гэтым тварам, і яна стаяла і пазірала на яго, нібы скамянеўшы.

Не было ў ім ні намёку на пяшчоту або жаласць. Не было ні пробліску зацікаўленасці, бацькаўскага прызнання або спагады. Была ў гэтым твары перамена, але іншага характару. Ранейшая роўнадушнасць і халодная стрыманасць далі месца нечаму другому, чаму — яна не ўсведамляла, больш правільна, не мела права ўсведамляць.

Няўжо шалёная рэўнасць і ўражаны гонар атруцілі пяшчотныя ўспаміны, якія павінны былі прымусіць яго палюбіць яе і ёю даражыць? Ці магчыма, што, пры ўспаміне пра малютку-сына, яму пакутліва было глядзець на яе, такую прыгожую і поўную сіл?

У Фларэнс не было гэтых думак. Але любоў бывае зыркай, калі яна адхілена і безнадзейная, і надзея ў ёй памерла, у той час як яна стаяла, пазіраючы ў твар бацьку.

— Я ў вас пытаюся, Фларэнс, вы спалохаліся? Што-небудзь здарылася? Чаму вы прышлі сюды?

— Я прышла, тата…

— Насуперакі майму жаданню. Чаму?

Яна бачыла, што ён ведае, чаму, — гэта было выразна відаць па яго твары, — і з ціхім працяглым стогнам апусціла галаву на рукі.

Ён узяў яе за руку. Рука ў яго была халодная і вялая і амаль не сціскала яе рукі.

— Вы стаміліся, напэўна, — сказаў ён, беручы лямпу і праводзячы яе да дзвярэй, — і вам патрэбна адпачыць. Усім нам патрэбен адпачынак. Ідзіце, Фларэнс. Вам што-небудзь уявілася.

Калі што-небудзь і ўявілася, то цяпер яна ачнулася, і яна адчувала, што гэта ўжо больш ніколі не вернецца.

— Я астануся тут і пасвячу, пакуль вы будзеце падымацца па лесвіцы. Увесь дом там, наверсе, у вашым карыстанні, — павольна сказаў бацька. — Цяпер вы тут гаспадыня. Спакойнай ночы.

Усё яшчэ закрываючы твар, яна ўсхліпнула, адказала: «Спакойнай ночы, дарагі тата» і моўчкі пачала падымацца па лесвіцы.

Яму суджана ўспомніць аб гэтым у тым самым пакоі ў будучыя гады. Дождж, што барабаніць па даху, вецер, што стогне на дварэ, магчыма, прадракалі гэта сваім меланхалічным шумам.

У апошні раз, калі ён з гэтага самага месца сачыў за ёй, узыходзячай па лесвіцы, яна несла на руках свайго брата. Але цяпер яе адыход не гарнуў да яе яго сэрца; ён вярнуўся ў свой пакой, замкнуў дзверы, апусціўся ў крэсла і заплакаў аб сваім памёршым хлопчыку.