Старонка:Домбі і сын.pdf/196

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

думаў і чуў з таго часу? Ды і ў тую-ж самую хвіліну, калі вы ўвайшлі, Уолі гаварыў мне пра вас і даваў даручэнне да вас.

— Праўда? — сказала Фларэнс. — Дзякую вам, Уолтэр. О, дзякую вам, Уолтэр! Я думала, што вы паедзеце і не ўспомніце пра мяне.

І зноў яна працягнула яму маленькую ручку так вольна і так даверліва, што Уолтэр затрымаў яе на некалькі секунд у сваёй руцэ і ніяк не мог яе выпусціць.

— Мне здаецца, што я не змагу называць вас інакш, чым дзядзем Уолтэра, сэр, — сказала Фларэнс старому, — калі вы мне дазволіце.

— Мая дарагая юная лэдзі! — усклікнуў стары Соль. — Калі я вам дазволю! Госпадзі божа мой!

— Мы заўсёды ведалі вас пад гэтым імем і так пра вас і гаварылі, — сказала Фларэнс, азіраючыся вакол і ціха ўздыхаючы. — Любая старая гасціная! Усё такая самая! Як я яе добра памятаю!

Настала кароткае маўчанне. С'юзен Ніпер спрытна вывудзіла з буфета яшчэ дзве чашкі і два сподкі і з задумлівым выглядам чакала, калі настоіцца чай.

— Я хачу сказаць дзядзю Уолтэра, — прадаўжала Фларэнс, нясмела кладучы ручку на руку старога, якая ляжала на стале, каб прыцягнуць яго ўвагу, — аб тым-сім, што мяне турбуе. Хутка ён астанецца адзін, і калі ён дазволіць мне… не замяніць Уолтэра, бо гэтага я не магла-б зрабіць, але быць яму верным сябрам і ўсцяшаць яго як хопіць сілы ў часе адсутнасці Уолтэра, — я буду яму вельмі ўдзячнай. Добра? Вы дазволіце, дзядзя Уолтэра?

Інструментальны майстар моўчкі паднёс яе руку да сваіх губ, а С'юзен Ніпер, злажыўшы накрыж рукі і адкінуўшыся на спінку старшынскага крэсла, якое яна сама сабе прызначыла, сцяла зубамі істужку капялюшыка і ціха ўздыхнула, пазіраючы на акно ў столі.

— Вы дазволіце мне наведваць вас, — прадаўжала Фларэнс, — калі будзе мне выпадак, і вы будзеце расказваць мне ўсё пра сябе і пра Уолтэра; і ў вас не будзе ніякіх сакрэтаў ад С'юзен, калі яна прыдзе замест мяне, і вы будзеце шчырым з намі, будзеце нам давяраць і звярацца на нас? І вы дазволіце нам быць уцяшэннем для вас? Дазволіце, дзядзя Уолтэра?

Мілы твар, павернуты да яго, ласкава ўпрашваючыя вочы, пяшчотны голас і лёгкі дотык да яго рукі (усё гэта здавалася яшчэ больш прывабным дзякуючы дзіцячай пашане яго старасці), а таксама ўласцівая ёй сур'ёзнасць зрабілі такое моцнае ўражанне на небараку старога інструментальнага майстра, што ён толькі адказаў:

— Уолі, скажыце за мяне слаўцо, любы мой. Я вельмі ўдзячан.

— Не, Уолтэр, — з ціхай усмешкай запярэчыла Фларэнс. — Калі ласка, не гаварыце за яго. Я яго добра разумею, і мы па-