Старонка:Домбі і сын.pdf/208

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Простадушны бацька пачаў быў выказваць надзею, што яго сын, былы Тачыльшчык, якога запалохала і біла, лупіла, ганьбіла і навучала, як вучаць папугаяў, нейкая жывёла ў асобе школьнага настаўніка, якая займала гэтае месца з такім-жа правам, з якім мог-бы займаць паляўнічы сабака, што гэты яго сын, магчыма, атрымліваў адукацыю ў нейкіх адносінах няправільную, калі містэр Домбі, са злосцю паўтарыўшы: «Звычайная ўзнагарода!», павёў маёра. А маёр, якога нялёгка было ўсадзіць у вагон містэра Домбі, ледзь паспеў да адыходу поезда паўтарыць ахрыплым голасам, што з гэтага ніколі не бывае ніякага сэнсу, што гэта заўсёды мае дрэнны канец і што калі-б ён даў адукацыю «свайму бяздзейніку», той, бясспрэчна, апынуўся-б на шыбеніцы.

Містэр Домбі з горыччу згадзіўся; але горыч і пануры выгляд, з якім ён адкінуўся да сценкі вагона і, насупіўшы бровы, пазіраў на мільгатлівы пейзаж, былі выкліканы не крахам благароднай выхаваўчай сістэмы, якую праводзіла Таварыства Тачыльшчыкаў. На капялюшы гэтага чалавека ён заўважыў свежы крэп і па тону яго і адказах зразумеў, што ён носіць траўр па яго сыне.

Падумаць толькі, што гэты саманадзейны качагар едзе там уперадзе, сярод вугалю і попелу, са сваёй траурнай істужкай! Падумаць толькі, што ён адважыўся паспачуваць — хоць-бы пры дапамозе такога звычайнага знаку ўвагі — у горы і расчараванні, захаваных у патаемніках сэрца ганарыстага джэнтльмена! Падумаць толькі, што гэтае памёршае дзіця, якое павінна было прыняць ад яго багацці, надзеі і ўладу і адгарадзіцца ад усяго свету нібы падвойнымі дзвярыма з золата, — гэта дзіця адкрыла доступ такой чэрні, каб тая зневажала яго, Домбі, сваім веданнем ашуканых яго надзей і выхвальнымі прэтэнзіямі на агульнасць пачуццяў з ім, якія ёй такія далёкія!

Падарожжа не дало яму ні прыемнасці, ні палёгкі. У пакуце гэтых думак, ён вёз з сабою міма мільготнага пейзажа свой сум і імкліва перасякаў не багатую і маляўнічую краіну, а пустэчу нязбытных планаў і пякучай рэўнасці. Нават тая хуткасць, з якою імчаўся поезд, здзеквалася над шпаркім бегам юнага жыцця, якое так паслядоўна і так няўмольна набліжалася да прызначанага канца. Сіла, якая імчала па чыгуначнаму шляху — па сваім шляху, — ненавідзячы ўсе іншыя дарогі і сцежкі, прабіваючыся скрозь усе перашкоды і ведучы за сабою людзей усіх класаў, узростаў і чыноў, была правобразам пануючай пачвары — Смерці!

Удалечыню, са скрыгатам і равеннем і грукатам, праз горад, пракладаючы норы сярод людскога жылля і напаўняючы вуліцы гулам, прамільгнуўшы на секунду на лугах, урываючыся ў сырую зямлю, гудучы ў змроку і духаце, вырываючыся зноў у сонечны дзень, такі яркі і шырокі, — удалечыню, са скрыгатам