Старонка:Домбі і сын.pdf/215

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

сэр, даводзіцца сястрой нябожчыку лорду Фініксу і цёткай таму, што і цяпер жыве. Сям'я небагатая — па сутнасці, бедная — і яна жыве на сваю маленькую ўдовіну частку, якая прыпала ёй; але ўжо калі справа дойдзе да крыві, сэр!

— Я заўважыў, — памаўчаўшы, сказаў містэр Домбі, — што дачку вы назвалі місіс Грэйнджэр.

— Эдзіт Ск'ютон, — адказваў маёр, — вышла замуж (у восемнаццаць гадоў) за Грэйнджэра, нашага палка. Д'ябальскі прыгожы малайчына, сэр, у сорак адзін год. Ён памёр, сэр, на другім годзе пасля таго, як ажаніўся.

— Даўно гэта было? — запытаўся містэр Домбі, зноў спыняючыся.

— Эдзіт Грэйнджэр, сэр, — адказваў маёр, закрываючы адно вока, схіляючы галаву на плячо, пераклаўшы тросць у левую руку, а правай разгладжваючы брыжы, — Эдзіт Грэйнджэр у сучасны момант гадоў трыццаць. І, чорт пабяры, сэр, — сказаў маёр, зноў ускладаючы палку на плячо і прадаўжаючы ісці, — гэта непараўнальная жанчына.

— Дзеці былі? — запытаўся пасля містэр Домбі.

— Так, сэр, — сказаў маёр. — Быў хлопчык.

Містэр Домбі ўтаропіў позірк у зямлю, і твар яго засмуціўся.

— Які ўтапіўся, сэр, — прадаўжаў маёр, — калі яму было гадоў пяць.

— Вось як? — сказаў містэр Домбі, падымаючы галаву.

— Перакулілася лодка, у якую няньцы не трэба было яго садзіць, — сказаў маёр. — Такая яго гісторыя. Эдзіт Грэйнджэр — усё яшчэ Эдзіт Грэйнджэр; але каб быў непахісны стары Джой Б., сэр, крышачку маладзейшы і багацей, гэта, неўміручае стварэнне насіла-б прозвішча Бегсток.

Маёр страсянуў плячыма і шчокамі, зарагатаў і, гаворачы гэтыя словы, быў больш, чым калі-б там ні было, падобен да перакормленага Мефістофеля.

— У тым выпадку, думаю, калі-б лэдзі не супярэчыла? — холадна заўважыў містэр Домбі.

— Далібог, сэр, — сказаў маёр, — Бегстокі не ведаюць такіх перашкод. Аднак, справядлівасць патрабуе адзначыць, што Эдзіт магла-б ужо разоў дваццаць выйсці замуж, каб не была яна ганарлівай, сэр, так, ганарлівай!

Думка наконт яе містэра Домбі, калі меркаваць па яго твары, не змянілася ад гэтага ў горшы бок.

Праз дзень містэр Домбі і маёр сустрэлі шаноўную місіс Ск'ютон з дачкой у Галерэі мінеральных вод; у наступны пасля гэтага дзень яны зноў іх сустрэлі непадалёку ад таго месца, дзе сустрэлі іх першы раз. Пасля таго, як яны сустракаліся такім чынам разы тры-чатыры, простая далікатнасць да старых знаёмых патрабавала, каб маёр наведаў іх вечарам. Першы час у містэра Домбі не было жадання рабіць візіты, але калі маёр за-