Старонка:Домбі і сын.pdf/225

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Дай божа, каб яно асталося непашкоджаным! — сказаў дзядзька Соль.

— Дай божа, каб яно асталося непашкоджаным, — згадзіўся містэр Каркер, нячутна шавелячы губамі, чым зноў выклікаў дрыжыкі ў назіральнага юнага Тудля. — Містэр Джылс, — дадаў ён уголас, адкідваючыся на спінку крэсла, — напэўна, вы вельмі сумуеце без пляменніка?

Дзядзька Соль, які не садзіўся, кіўнуў галавой і глыбока ўздыхнуў.

— Містэр Джылс, — сказаў Каркер, пагладжваючы сваёй мяккай рукой падбародак і падымаючы вочы на інструментальнага майстра, — цяпер вы былі-б менш адзінокім, трымаючы ў сябе ў краме якога-небудзь маладзенькага хлапчука, а мне зрабілі-б паслугу, калі-б часова яму далі прытулак. Так, зразумела, — хутка дадаў ён, папераджаючы адказ старога, — гандаль ідзе вяла, гэта мне вядома, але няхай ён прыбірае, чысціць інструменты, — адным словам, выконвае чорную работу, містэр Джылс. Вось ён — гэта хлапчанё!

Соль Джылс ссунуў акуляры з ілба на нос і паглядзеў на Тудля-малодшага, які стаяў навыцяжку ў кутку.

— Вы яго возьмеце да сябе, містэр Джылс? — запытаўся загадчык.

Стары Соль, зусім не абрадаваўшыся ад такой прапановы, адказаў, што рад выпадку зрабіць хоць-бы такую маленькую паслугу містэру Каркеру, чыё жаданне тое самае для яго што загад, і што Драўляны Мічман будзе лічыць за шчасце прыняць у сябе ў каюце любога госця, якога выбярэ містэр Каркер.

Містэр Каркер агаліў верхнія і ніжнія дзясны, выклікаўшы моцныя дрыжыкі ў зыркага Тудля-малодшага, і з найвялікшай пачцівасцю падзякаваў інструментальнаму майстру за прыязнасць.

— Значыцца, я ім так і распараджуся, містэр Джылс, — сказаў ён, устаючы і працягваючы руку старому, — пакуль не вырашу, што мне з ім рабіць і чаго ён заслугоўвае. З тае прычыны, што я лічу сябе адказным за яго, містэр Джылс, — тут ён шырока ўсміхнуўся Робу, які затрапятаў убачыўшы гэту ўсмешку, — вы мне зробіце прыемнасць, калі будзеце ўважліва за ім сачыць і паведамляць пра яго паводзіны мне. Сёння па дарозе дадому я заеду да яго бацькоў — гэта паважаныя людзі — і аб чым-колечы запытаюся, каб праверыць тое, што ён сам расказваў пра сябе, пасля, містэр Джылс, я прышлю яго да вас заўтра раніцой. Да пабачэння!

Яго ўсмешка перад адыходам агаліла такую колькасць зубоў, што стары Соль збянтэжыўся і яму зрабілася неяк нядобра.

Дадому ён ішоў, разважаючы пра бушуючае мора, гінучыя караблі, топячыхся людзей, пра старую бутэльку мадэры, якая так і не ўбачыць свету, і пра іншыя сумныя рэчы.