Старонка:Домбі і сын.pdf/258

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

У такім настроі капітан Катль, закліканы судзіць Тачыльшчыка, і толькі яго аднаго, адчуў вялікую палёгку, вырашыўшы, што падазрэнні падаюць на яго: гэта думка так ясна адлюстравалася на фізіяноміі капітана, што Роб запратэставаў.

— Ох, не трэба, капітан! — закрычаў Тачыльшчык. — Не разумею, як гэта вы можаце? Што я зрабіў, каб так на мяне глядзець?

— Прыяцель, — сказаў капітан Катль, — не крычыце, пакуль вас не пакрыўдзілі. І што-б вы не рабілі, не нагаварвайце на сябе.

— Я нічога не рабіў і не нагаварваў, капітан, — адказаў, Роб.

— У такім выпадку не ўхіляйцеся, — унушальна сказаў капітан, — і станьце на якар.

Глыбока адчуваючы ўскладзеную на яго адказнасць і неабходнасць старанна расследаваць гэта таямнічае здарэнне, як належыць чалавеку, звязанаму з абодвума бакамі, капітан Катль вырашыў агледзець месца дзеяння і не адпускаць ад сябе Тачыльшчыка. Лічачы, што ў сучасны момант гэты юнак знаходзіцца нібы пад арыштам, капітан хістаўся, ці не мэтазгодна будзе надзець яму наручнікі, звязаць ногі або прывязаць да іх цяжар.

Аднак, Роб не аказаў ніякага супраціўлення і, значыцца, падышоў да дома інструментальнага майстра, не адчуўшы на сабе больш жорстіх мер уздзеяння. З тае прычыны, што акяніцы былі яшчэ зачынены, капітан перш за ўсё паклапаціўся адчыніць краму; калі-ж дзённае святло пранікла ў пакой, капітан пры яго дапамозе пачаў далейшае расследаванне.

Смутна дапускаючы магчымасць знайсці цела, капітан пачаў старанна шукаць па ўсім доме: з запаленай свечкай шныпарыў у скляпах, засоўваў свой кручок за дзверы, балюча стукаўся галавой аб бэлькі і заблытваўся ў павуцінні. Падняўшыся ў спальню старога, яны пераканаліся, што ў тую ноч ён не клаўся ў пасцель, а толькі прылёг зверху на коўдру, аб чым сведчыў адбітак, які захаваўся на коўдры і цяпер.

— І я думаю, капітан, — сказаў Роб, аглядаючы пакой, — што гэтыя апошнія дні, калі містэр Джылс так часта прыходзіў і выходзіў, ён патроху выносіў дробныя рэчы, каб не прыцягваць увагі.

— А! — таямніча прамовіў капітан. — Чаму вы так думаеце, прыяцель?

— Вось, напрыклад, — адказваў Роб, аглядаючыся, — я не бачу яго прыбора для брыцця. І шчотак яго не бачу, капітан. І кашуль. І чаравікаў.

Па меры таго, як пералічваліся гэтыя прадметы, капітан Катль спецыяльна сканцэнтроўваў увагу на дэталях туалета Тачыльшчыка, — ці не выявіцца, што той нядаўна імі карыстаўся