Старонка:Домбі і сын.pdf/272

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Маёр закашляўся конскім кашлем і патрос галавою, нібы кажучы: «Так, мы вясёлыя хлопцы, гэтага нельга адмаўляць». Пасля ён схапіў містэра Каркера за лацкан фрака і, выпучыўшы вочы, зашаптаў яму на вуха, што яна — надзвычайна чароўная жанчына, сэр. Што яна — маладая ўдава, сэр. Што яна з добрай сям'і, сэр. Што Домбі закаханы ў яе па вушы, сэр, і што гэта надзвычайная партыя для абодвух бакоў; бо ў яе прыгажосць, добрае паходжанне і таленты, а ў Домбі багацце; чаго-ж яшчэ можа жадаць любая пара? Пачуўшы крокі містэра Домбі за дзвярыма, маёр абарваў сваю гаворку, заключыўшы, што заўтра раніцой містэр Каркер убачыць яе і будзе меркаваць сам; ад разумовага напружання і размовы хрыплым шэптам у маёра слязіліся вочы, і ён сядзеў, пыхкаючы, пакуль не падалі абед.

За першай і другой стравай маёр звычайна бываў сур'ёзны, бо тубылец, выконваючы тайны загад, акружаў яго прыбор рознастайнымі соусамі і бутэлечкамі, і маёр быў не на жарты заняты, выцягваючы коркі і змешваючы тое што ў іх было на сваёй талерцы. У дадатак у тубыльца, на століку ля сцяны, меліся розныя прыправы і пернасці, якімі маёр штодзённа апякаў сабе страўнік, не кажучы ўжо аб дзіўнай пасудзе, з якой ён наліваў невядомыя вадкасці ў шклянку маёра. Але ў той дзень маёр Бегсток, нават не гледзячы на гэтыя шматлікія заняткі, знайшоў час быць вельмі кампанейскім, і гэта выяўлялася ў надзвычайнай хітрасці, накіраванай на тое, каб увесці ў курс справы містэра Каркера і выявіць настрой містэра Домбі.

— Домбі, — сказаў маёр, — вы нічога не ясцё. У чым справа?

— Дзякую вам, — адказаў гэты джэнтльмен, — я ем; у мяне сёння няма апетыту.

— Што-ж з ім здарылася, Домбі? — запытаўся маёр. — Дзе ён дзеўся? У нашых сяброў вы яго не пакінулі, у гэтым я магу запэўніць, бо я ручаюся за тое, што сёння ў часе снедання ніякага апетыту ў іх не было. Ва ўсякім выпадку я адказваю за адну з іх; не скажу за якую.

Тут маёр падміргнуў Каркеру і выглядаў такім хітрым, што яго цёмнаскуры слуга быў вымушан, не чакаючы загаду, пастукаць яго па спіне, інакш той, напэўна, знік-бы пад сталом.

У канцы абеду, — інакш кажучы, калі тубылец падышоў да маёра, збіраючыся разліваць першую бутэльку шампанскага, — маёр зрабіўся яшчэ хітрэйшым.

— Налівайце поўна, нягоднік, — сказаў маёр, падымаючы свой бакал. — І містэру Каркеру налівайце поўна. І містэру Домбі. Клянуся богам, джэнтльмены, — сказаў маёр, падміргваючы свайму новаму сябру, у той час як містэр Домбі з праніклівым выглядам пазіраў у талерку, — гэты бакал віна мы прысвяцім бажаству; Джо ганарыцца знаёмствам з ім і здалёк ім захапляецца пакорліва і пачціва. Імя яго — Эдзіт, — сказаў маёр, — бажэственая Эдзіт!