Старонка:Домбі і сын.pdf/274

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

РАЗДЗЕЛ XXVII

Цені згушчаюцца.

Містэр Каркер-загадчык устаў разам з жаваранкамі і вышаў прагуляцца, цешачыся летняй раніцай. Але думкі яго — а ён на хаду размышляў насупіўшы бровы, — бадай ці луналі ў вышыні, як жаваранкі, або накіроўваліся ў гэтым напрамку; больш правільна, яны трымаліся каля свайго гнязда на зямлі і шныралі ў пылу і сярод чарвей.

Ахайны, задаволены сабою, з бледным тварам, нібы выгарэўшым на сонцы, грацыёзнай сваёй хадою падкрэсліваючы мяккасць травы, містэр Каркер-загадчык бадзяўся па лужках і зялёных палянках і шмыгаў па алеях, пакуль не надышоў час вяртацца да снедання. Выбраўшы больш кароткую дарогу, містэр Каркер ішоў, праветрываючы свае зубы, і выказаў пры гэтым уголас: «Цяпер паглядзім другую місіс Домбі!»

Ён вышаў за межы горада і варочаўся назад прыемнай дарогай, дзе густыя дрэвы адкідалі густы цень і дзе калі-ні-калі трапляліся лаўкі для тых, хто захацеў-бы адпачыць. Гэтае месца звычайна не наведвала публіка і ў такі ціхі ранішні час яно здавалася зусім бязлюдным і адзінотным, і таму містэр Каркер быў або думаў, што быў тут зусім адзін.

Аднак, ён выявіў, што памыліўся, думаючы, быццам у ляску нікога няма; ціхенька абышоўшы вялікае дрэва, старая кара якога была пакрыта наростамі і лускою, як скура насарога або якога-небудзь кроўнага яму дапатопнага страшыдла, ён нечакана ўбачыў жанчыну на бліжэйшай лаўцы, якую ўжо збіраўся абвіць павуціннем слядоў.

Гэта была лэдзі, элегантна апранутая і вельмі прыгожая, з цёмнымі гордымі вачыма, апушчанымі ўніз, — лэдзі, здавалася, апанаваная нейкім запалам або барацьбой. Бо, калі яна сядзела, пазіраючы ў зямлю, ніжняя губа яе была прыкушана, грудзі ўздымаліся, ноздры расшыраліся, галава ўздрыгвала, слёзы абурэння струменіліся па шчоках, а нагой яна таптала мох так, нібы хацела раздушыць яго. І, аднак, ледзь не ў той самы момант, калі ён гэта заўважыў, ён убачыў, як гэта самая лэдзі ўстала з пагардлівай мінай, якая выказвала стомленасць і сум, і адышлася ад лаўкі, прычым і твар яе і фігура дыхалі роўнадушным усведамленнем сваёй прыгажосці і велічнай пагардай.

Зморшчаная і вельмі агідная старая, падобная па плацці не столькі на цыганку, колькі на прадстаўніцу рознастайнага племя валацуг, таксама сачыла за лэдзі, бо, калі тая ўстала, яна вырасла перад ёю, утаропіўшы ў яе дзіўны позірк, — нібы з'явілася з-пад зямлі, — і заставіла ёй дарогу.

— Дайце я вам паваражу, красуня, — сказала старая, жуючы губамі, як быццам чэрап з-пад жоўтай яе скуры імкнуўся вырвацца на паверхню.