Старонка:Домбі і сын.pdf/278

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— І магчыма праз меру, мая любая, на шкоду нашаму спакою, — адказала маці.

Калі містэр Домбі звярнуўся першы раз да Эдзіт, яна павярнулася да яго і аставалася ў гэтай позе, слухаючы маці і адказваючы ёй, нібы хацела паказаць, што яе ўвага звернута на яго, калі ён мае намер яшчэ што-небудзь сказаць. Было ў гэтай простай далікатнасці нешта амаль задзірлівае і меўшае такі характар, нібы тут адыгрываў ролю прымус або заключалася гандлёвая здзелка, у якой яна неахвотна прымала ўдзел; і зноў гэта было заўважана тым-жа чалавекам, што ўсміхаўся за сталом. Ён успомніў пра першую сваю сустрэчу з ёю, калі яна была ўпэўнена, што, апрача яе, няма ў гаі нікога.

Містэр Домбі, не маючы больш нічога дадаць, прапанаваў рушыць у дарогу — снеданне скончылася, і маёр наеўся, як удаў. Каляска чакала, па загаду містэра Домбі, і ў ёй размясціліся абедзве лэдзі, маёр і ён сам; тубылец і змардаваны паж узлезлі на козлы, містэр Таулінсон астаўся дома, а містэр Каркер конна ехаў ззаду.

Містэр Каркер ехаў трушком за каляскай, трымаючыся ад яе прыкладна на адлегласці ста ярдаў, і ў часе гэтай паездкі сачыў за ёю так, нібы ён і сапраўды быў катом, а чэцвера седакоў — мышамі.

Місіс Ск'ютон мела намер узяць на сябе клопат аб містэры Каркеры і паказаць яму хараство замка. Яна вырашыла ісці пад руку з ім, а таксама і з маёрам. Гэтаму непапраўнаму стварэнню — самаму дзікаму варвару ў галіне паэзіі — карысна быць у такой кампаніі. Такі выпадковы распарадак даў магчымасць містэру Домбі суправаджаць Эдзіт, што ён і зрабіў, ідучы паперадзе іх па палатах замка з важнасцю, якая адпавядае джэнтльмену.

— Які гэта быў цудоўны час, містэр Каркер, — сказала Клеапатра, — гэтыя чароўныя ўмацаванні, і мілыя старыя цямніцы, і гэтыя найлепшыя засценкі, рамантычная помста, маляўнічыя атакі і аблогі і ўсё, што робіць жыццё сапраўды чароўным! Як жахліва мы вырадзіліся!

— Так, мы, на жаль, здрабнелі, — сказаў містэр Каркер.

Своеасаблівасць іх гутаркі заключалася ў тым, што місіс Ск'ютон, не гледзячы на свой экстаз, і містэр Каркер, не гледзячы на сваю пачцівасць, абодва напружана сачылі за містэрам Домбі і Эдзіт. Пры ўсім сваім умельстве весці гутарку яны былі некалькі няўважлівымі і ў выніку гаварылі наўздагад.

— Мы страцілі абсалютна ўсякую веру, — сказала місіс Ск'ютон, выстаўляючы зморшчанае вуха, бо містэр Домбі нешта гаварыў Эдзіт. — Мы страцілі ўсякую веру ў мілых старых баронаў, якія былі самымі цудоўнымі стварэннямі, і ў мілых старых папоў, якія былі самымі ваяўнічымі людзьмі, і нават у век гэтай непараўнальнай каралевы Бес — вось яна там, на сцяне, — які быў сапраўды залатым векам! Мілае стварэнне! Яна ўся была — сэрца!