Старонка:Домбі і сын.pdf/309

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

думаючы, што гэта няпраўда. Містэр Таулінсон не выказвае сваёй думкі па гэтаму пытанню, будучы некалькі засмучаны з'яўленнем іншакраінца з бакенбардамі (сам містэр Таулінсон не мае бакенбардаў), якога нанялі суправаджаць шчаслівую пару ў Парыж і які занят цяпер размяшчэннем рэчаў у новай карэце. Адносна гэтай асобы містэр Таулінсон кажа, што ніколі яшчэ не бачыў дабра ад іншакраінцаў, і, будучы абвінавачаны дамамі ў прадузятым поглядзе, кажа: «Паглядзіце на Банапарта, які ўсімі імі камандаваў, і ўспомніце, за што толькі ён не змагаўся!» Пасля чаго пакаёўка кажа, што гэта вялікая праўда.

Кандыцер старанна працуе ў змрочным пакоі на Брук-стрыт, а вельмі рослыя маладыя людзі пільна пазіраюць на яго. Ад аднаго з рослых маладых людзей пахне ўжо херэсам, і вочы яго схільны спыняцца і пазіраць на прадмет, не бачачы яго. Рослы малады чалавек разумее сваю слабасць і кажа таварышу, што гэта здараецца ад «практыкавання». Рослы малады чалавек хацеў сказаць — ад узрушальнасці, але словы яго туманныя.

Нецярплівасць і ўзрушальнасць пашыраюцца яшчэ далей і захапляюць больш шырокія колы. У кватэры містэра Тутса містэр Тутс прыбіраецца так, нібы ён няйначай жаніх: ён мае намер бачыць цырамонію ва ўсёй прыгажосці з зацішнага кутка галярэі і завесці туды Пеўня. Бо містэр Тутс прыняў адважнае рашэнне паказаць Пеўню Фларэнс і сказаць шчыра: «Ну, Певень, больш я не хачу вас ашукваць! Сябра, пра якога я не раз вам гаварыў, гэта я сам. Міс Домбі — прадмет маёй страсці: Якая ваша думка, Певень, пры такім становішчы спраў і што вы мне цяпер параіце?» Тым часам у кухні містэра Тутса Певень, якога чакае такі сюрпрыз, садзіць сваю дзюбу ў кубак моцнага піва і здзяўбае двухфунтовы біштэкс. У доме на пляцы Прынцэсы міс Токс устала і рыхтуецца: яна таксама, не гледзячы на свой глыбокі смутак, вырашыла сунуць шылінг у руку місіс Міф і з якога-небудзь самотнага куточка глядзець на цырамонію, у якой ёсць для яе жорсткае зачараванне. Ва ўладаннях Драўлянага Мічмана — неспакой: капітан Катль, у сваіх парадных ботах і кашулі з вялізным каўнерыкам, сядзіць у часе снедання, слухаючы, як па яго загаду Роб Тачыльшчык загадзя чытае яму шлюбную службу, каб капітан мог добра зразумець урачыстасць, на якой збіраецца прысутнічаць; з гэтай мэтай капітан час ад часу спакойна загадвае свайму капелану «змяніць курс», «адмахаць гэты параграф яшчэ раз» або «трымацца сваіх непасрэдных абавязкаў, а аманы пакінуць яму, капітану». І аман ён агалашае гучна і з прыемнасцю, як толькі Роб Тачыльшчык робіць паўзу.

Стрыечны брат Фінікс прыехаў з-за граніцы са спецыяльнай мэтай прысутнічаць пры шлюбе. Сорак год таму назад стрыечны брат Фінікс быў валацугам; але, мяркуючы па фігуры і абыходжанню, ён усё яшчэ такі малады і такі ахайны, што людзі, якія яго мала ведаюць, дзівяцца, калі бачаць здрадніцкія