Старонка:Домбі і сын.pdf/327

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

прычыны, што надвор'е было яснае, а барк стаяў на месцы, была спушчана шлюпка і аддан загад агледзець спамянутыя абломкі, прычым выявілася, што гэта былі вялікія брускі і частка такелажа[1] англійскага брыга ёмістасцю каля пяцісот тон, а таксама кавалак кармы, на якім яшчэ можна было добра разабраць літары «Сын і Н…» Ніводнага трупа на абломках не знойдзена. Суднавы журнал «Выкліка» адзначае, што, з прычыны таго што ўночы пачаў дзьмуць брыз, то пацярпеўшага крушэнне судна больш не было відаць. Не можа быць ніякіх сумненняў у тым, што ўсе меркаванні адносна лёсу загінуўшага судна «Сын і Наследнік», порт Лондан, кірунак Барбадос, цяпер канчаткова адпадаюць, што яно было разбіта ў часе апошняй навальніцы і што ўсе, хто быў на барту, загінулі».

Капітан Катль, як і ўсе людзі, і не падазраваў аб тым, якія глыбокія яго надзеі, не гледзячы на сум, пакуль не адчуў поўнага іх крушэння. У часе чытання гэтай заметкі і хвіліны дзве пасля ён сядзеў, ашаломлены, скіраваўшы позірк на скромнага містэра Тутса; пасля, раптам устаўшы і адзеўшы свой глянцавіты капялюш, які ў гонар госця паклаў на стол, капітан павярнуўся да яго спіной і апусціў галаву на камінную паліцу.

— Ох, клянуся гонарам! — усклікнуў містэр Тутс, чыё пяшчотнае сэрца было расчулена нечаканым смуткам капітана. — Якое жахлівае месца гэты свет! Тут заўсёды хто-небудзь памірае або робіць нешта недарэчнае. Каб я гэта ведаў, я-б ніколі так не імкнуўся заўладаць сваёй маёмасцю. Я ніколі не бачыў такога свету. Ён значна горшы за блімбераўскі.

Капітан Катль, не змяняючы позы, зрабіў знак містэру Тутсу, каб той не звяртаў на яго ўвагі; неўзабаве ён павярнуўся, глянцавіты капялюш быў ссунуты на вушы, ён праводзіў рукою па сваім смуглявым твары і разгладжваў яго.

— Уольр, мой дарагі хлопчык, — сказаў капітан, — бывайце! Уольр, дзіця маё, хлопчык і мужчына, я вас любіў! Ён не быў маёй плоццю і крывёю, — прадаўжаў капітан, пазіраючы на агонь, — сына ў мяне няма, але тое, што адчувае бацька, трацячы сына, адчуваю я, трацячы Уольра. А чаму? — запытаўся капітан. — Таму, што гэта не адна, а цэлая дзюжына страт. Дзе той маленькі школьнік з румяным тварам і кучаравымі валасамі, які прыходзіў кожны тыдзень і быў вясёлы, як песенька, у гэтай самай гасцінай? Утапіўся разам з Уольрам. Дзе той бадзёры юнак, які не ведаў ні стомы, ні суму і ўзгараўся і чырванеў так, што люба было на яго глядзець, калі мы жартавалі з ім, гаворачы аб Радасці Сэрца? Утапіўся разам з Уольрам. Дзе той мужчына з гарачым сэрцам, які не мог дапусціць, каб стары засумаваў хоць-бы на хвілінку, а аб сабе зусім не клапаціўся? Утапіўся

  1. Такелаж — карабельныя снасці.