Старонка:Домбі і сын.pdf/334

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

проць нечаканага нашэсця місіс Мак-Стынджэр, змірыцца са сваім лёсам і — што-б ні здарылася — быць бестурботным. Аднак, з надыходам вечара ён крыху паправіўся і доўга расказваў аб Уолтэры Робу Тачыльшчыку, не забываючыся, час ад часу хваліць увагу і адданасць Роба. Роб, не чырванеючы, выслухоўваў гарачую пахвальбу капітана, сядзеў, выпучваючы на яго вочы, стараўся спачувальна хныкаць, прытвараўся добрадзейным і (як і належыць юнаму шпіёну) запамінаў кожнае слова, падаючы надзеі зрабіцца спрытным ашуканцам.


РАЗДЗЕЛ ХХХIII

Кантрасты.

Зірнем на два дамы; яны не стаяць адзін каля другога, але раздзелены вялікай адлегласцю, хоць абодва знаходзяцца недалёка ад вялікай сталіцы — Лондана.

Першы стаіць у зялёнай і лясістай мясцовасці каля Норвуда. Гэта невялікі дом; ён не дамагаецца велічыні, але пабудаваны добра і ўпрыгожаны з густам. Лугавіна, мяккі адхонны схіл, кветнік, купкі дрэў, сярод якіх відаць грацыёзныя ясені і вербы, аранжэрэя, летняя веранда з пахучымі паўзучымі раслінамі, што абвіваюць калоны, упарадкаваныя іншыя будынкі — усё гэта, у мініятурным памеры, адпавядаючым простаму катэджу, сведчыць аб удалікатненым камфорце, які можна знайсці ў палацы. Гэта назіранне адпавядае сапраўднасці, бо ўнутранае ўпрыгожанне дома вызначаецца элегантнасцю і раскошай. Яркія кветкі, вельмі добра падабраныя, на кожным кроку ўражаюць вока: у мэблі — яе памеры надзвычай гарманіруюць з выглядам і велічынёй маленькіх пакояў, — на сценах, на падлозе, афарбоўваючы і змякчаючы святло, якое ўрываецца ў зашклёныя дзверы і вокны. Тут ёсць таксама некалькі надзвычайных гравюр і карцін, у дзівосных закавулках і нішах шмат кніг, а на сталах гульні, азартныя або патрабуючыя майстэрства, — фантастычныя шахматныя фігуры, косці, трык-трак, карты і більярд.

І, аднак, не гледзячы на ўсё гэта багацце і камфорт, у паветры адчуваецца нешта нядобрае. Ці не таму, што дываны і падушкі вельмі мяккія, вельмі заглушаюць шум, і тыя, хто тут ходзіць або адпачывае, робяць усё нібы ўпотайкі? Ці не таму, што гравюры і карціны не ўвекавечваюць высокіх думак або спраў, не адлюстроўваюць прыроды ў паэтычных пейзажах, а ўяўляюць з сябе толькі спалучэнні ліній і фарб? Або, магчыма, таму, што арыгінал — гаспадар дома, — дыхаючы штодзённа гэтым паветрам, непрыкметна распаўсюджвае свой уплыў на ўсё, што яго акружае?