Старонка:Домбі і сын.pdf/344

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Вы дазволіце мне пацалаваць вас?

Запытаўшыся так, жанчына, якая ўзяла ад яе міласціну, не бачачы на твары яе ні гневу, ні агіды, нахілілася да яе і прыціснулася губамі да яе шчакі. Зноў яна схапіла яе руку і прыкрыла ёю свае вочы; пасля яна пайшла.

Пайшла ў надыходзячую ноч, насустрач раз'юшанаму ветру і дажджу, накіроўваючыся да ахутанага туманам горада, дзе мігацелі няясныя агні, і яе чорныя валасы і канцы хусткі, неахайна завязанай, развяваліся вакол яе смелага твара.


РАЗДЗЕЛ ХХХІV

Другая маці з дачкой.

У брыдкім і панурым пакоі старая, таксама брыдкая і панурая, прыслухоўвалася да ветру і дажджу і, скурчыўшыся, грэлася каля мізэрнага ачага. Аддаючыся гэтаму апошняму занятку з большай упартасцю, чым першаму, яна не мяняла позы; толькі тады, калі выпадковыя дажджавыя кроплі падалі, шыпячы, на цёплы попел, яна падымала галаву, зноўку звяртаючы ўвагу на свіст ветру і шум дажджу, а пасля паступова апускала яе ўсё ніжэй, ніжэй і ніжэй, аддаючыся панурым развагам; начныя шумы зліваліся для яе ў аднастайны гул, які нагадвае гул мора, калі ён ледзь-ледзь дасягае слыху таго, хто сядзіць у задуменні на беразе.

У пакоі агню не было, апрача водбліску, што падаў ад ачага. Час ад часу злосна ўспыхваючы, нібы вочы задраманага лютага звера, агонь асвятляў рэчы, якія зусім не мелі патрэбы ў лепшым асвятленні. Куча лахманоў, куча касцей, убогая пасцель, два-тры скалечаныя крэслы або, больш правільна, табурэты, чорныя сцены і яшчэ больш чорная столь — вось усё, на што падаў дрыготкі водбліск.

Калі-б Фларэнс стаяла ў гэтым пакоі і глядзела на тую, якая, скурчыўшыся ля каміна, адкідала цень на сцяну і столь, яна з першага-ж позірку пазнала-б Добрую місіс Браун, не гледзячы на тое, што, магчыма, дзіцячы яе ўспамін аб гэтай страшнай старой быў такім-жа дзіўным і несуразмерным прадчуваннем ісціны, як цень на сцяне. Але Фларэнс тут не было, і Добрая місіс Браун аставалася непазнанай і сядзела, нікім не заўважаная, скіраваўшы позірк на агонь.

Схамянуўшыся ад шыпення, больш моцнага, чым звычайна — струменьчыкі дажджавой вады праніклі ў дымаход, — старая нецярпліва падняла галаву і зноў пачала прыслухоўвацца. На гэты раз яна не апусціла галавы, бо нехта піхнуў дзверы і нейчыя крокі пачуліся ў пакоі.