Старонка:Домбі і сын.pdf/348

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Яна хутка скончыць, — сказала дачка. — Была злачынніца, якую называлі Эліс Марвуд, яшчэ маладая дзяўчына, але ўжо пакінутая і адвержаная. І яе судзілі і прыгаварылі. Ах, божа мой, як разважалі аб гэтым джэнтльмены на судзе! І як унушальна гаварыў суддзя пра яе абавязак і пра тое, што яна злоўжыла дарамі прыроды, нібы ён не ведаў лепш за іншых, што гэтыя дары былі для яе пракляццем! І як ён павучальна тлумачыў пра моцную руку закона! Так, вельмі моцнай аказалася гэта рука, каб выратаваць яе, калі яна была нявіннай і бездапможнай нікчэмнай малюткай! І як гэта ўсё было ўрачыста і дабрачэсна! Будзьце ўпэўнены, я часта думала аб гэтым з таго часу.

Яна мацней сціснула на грудзях рукі і засмяялася такім смехам, у параўнанні з якім выццё старой здалося музычным.

— Такім чынам, Эліс Марвуд саслалі за акіян, матуля, — прадаўжала яна,— і накіравалі навучацца абавязку працы туды, дзе ў дваццаць разоў менш памятаюць аб абавязку і ў дваццаць разоў больш зла, ганьбы і бясчэсця, чым тут. І Эліс Марвуд вярнулася жанчынай. Такой жанчынай, якой належала ёй зрабіцца пасля ўсяго гэтага. У свой час зноў прагучаць, напэўна, урачыстыя прамовы і красамоўныя словы, зноў з'явіцца моцная рука, і тады прыдзе канец Эліс Марвуд. Але джэнтльменам няма чаго баяцца, што яны астануцца без работы! Сотні бедных дзяцей, хлопчыкаў і дзяўчынак падрастаюць на кожнай з тых вуліц, дзе жывуць гэтыя джэнтльмены, і таму яны будуць рабіць сваю справу, пакуль не здабудуць сабе багацця.

Старая абаперлася локцямі аб стол і, прыкрыўшы твар абодвума рукамі, прытварылася вельмі засмучанай — або, можа, сапраўды была засмучана.

— Ну, вось! Я скончыла, матуля, — сказала дачка, кіўнуўшы галавой, нібы з мэтай спыніць гэту размову. — Я нагаварыла дастаткова! Што-б мы з вамі ні рабілі, але пра абавязак мы больш гаварыць не будзем. Думаю, што ў вас дзяцінства было такое самае, як у мяне. Тым горш для нас абодвух. Я не хачу вінаваціць вас і не хачу абараняць сябе, — навошта мне гэта рабіць? З гэтым скончана даўным-даўно. Але цяпер я жанчына — не дзяўчына, — і нам з вамі няма чаго выстаўляць напаказ сваё жыццё, як гэта зрабілі тыя джэнтльмены на судзе. Нам яно добра вядома.

Хоць яна была паўшай і зняслаўленай, але твар яе і постаць вызначаліся той прыгажосцю, якую, нават у хвіліны самыя для яе невыгодныя, не мог-бы не заўважыць і няўважлівы глядач.

Маці, якая назірала яе, моўчкі адважылася паціху працягнуць да яе цераз стол высахлую руку і, пераканаўшыся, што дачка гэта дазваляе, дакранулася да яе твара і пагладзіла па галаве. Адчуўшы, здаецца, што гэтыя пяшчоты старой былі шчырыя, Эліс не варушылася; і тая, асцярожна наблізіўшыся да дачкі,