Старонка:Домбі і сын.pdf/355

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ваць да шчок і надае бляск вачам; а ў кухні шэпчуць адзін аднаму на вуха, — гаворачы пра яе, яны заўсёды прыцішаюць голас, — аб тым, якая прыгожая сёння міс Фларэнс і якой мілай маладой лэдзі зрабілася яна, бедненькая!

Місіс Ск'ютон, падрыхтаваўшыся сустрэць з распасцёртымі абдымкамі сваю ўлюбёную дачку і дарагога зяця, апранула адпавядаючае выпадку дзявоцкае сваё ўбранне з кароткімі рукавамі. Аднак, у гэту хвіліну выспеўшыя яе чароўнасці квітнеюць у цяні яе ўласных апартаментаў, адкуль яна не выходзіла з таго часу, як заўладала імі некалькі гадзін таму назад, і дзе яна хутка пачынае праяўляць прызнакі раздражэння з прычыны таго, што абед спазняецца.

Нарэшце яны такі прыехалі! Чуваць стук колаў, ён набліжаецца, і карэта спыняецца ля пад'езда. Ненавісны іншакраінец аглушальна стукае ў дзверы, папярэджваючы з'яўленне містэра Таулінсона і слуг, якія кінуліся іх адчыняць; і містэр Домбі і яго маладая жонка выходзяць з экіпажа і ідуць падручкі ў дом.

— Мая ненаглядная Эдзіт! — чуваць ўсхваляваны голас на пляцоўцы лесвіцы. — Мой дарагі Домбі! — і кароткія рукавы абвіваюцца вакол шчаслівай пары і абдымаюць яе.

Фларэнс таксама спусцілася ў вестыбюль, але не адважвалася падыйсці са сваім нясмелым віншаваннем, пакуль не аціхнуць зачараванасці гэтай больш блізкай і больш дарагой істоты. Але Эдзіт убачыла яе на парозе; злёгку пацалаваўшы ў шчаку сваю чуллівую маці і адчапіўшыся ад яе, — яна падбегла да Фларэнс і абняла яе.

— Добры дзень, Фларэнс, — сказаў містэр Домбі, працягваючы руку.

Калі Фларэнс, дрыжачы, падносіла яе да губ, яна сустрэла яго позірк. Позірк быў халодны і сухі, але ў яе забілася сэрца калі ёй здалося, што ў яго вачах адлюстравалася цікавасць да яе, якой ён ніколі яшчэ не выяўляў. У іх было нават лёгкае здзіўленне — прыемнае здзіўленне, выкліканае ёю. Больш яна не асмельвалася пазіраць на яго, але адчувала, што ён зірнуў на яе яшчэ раз і не менш прыхільна. О, які радасны трэпет апанаваў яе нават пры гэтым слабым і нічым не абгрунтаваным пацверджанні яе надзеі, што пры дапамозе новай прыгожай мамы ёй удасца нарэшце заваяваць яго сэрца!

— Я думаю, вы не доўга будзеце апранацца, місіс Домбі? — запытаўся містэр Домбі.

— Я зараз буду гатова.

— Няхай падаюць абед праз чвэртку гадзіны.

Сказаўшы гэтае містэр Домбі паважна пайшоў у свой пакой, а місіс Домбі паднялася наверх. Місіс Ск'ютон і Фларэнс накіраваліся ў гасціную, дзе гэта надзвычайная маці палічыла сваім абавязкам выпусціць некалькі слязінак, быццам-бы выкліканых