Старонка:Домбі і сын.pdf/369

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

васцю, але не выяўляла ніякай цікавасці або жадання спадабацца і, пасля цырамоній прадстаўлення, зусім не клапацілася аб тым, каб лічыцца з яго жаданнем і віншаваць яго гасцей, і не раскрывала губ. Тым мацней былі збянтэжанасць і пакуты Фларэнс, што Эдзіт, якая так рабіла, да яе самой ставілася ласкава і з пяшчотнай увагай, і Фларэнс гатова была дакараць сябе ў няўдзячнасці толькі таму, што заўважала ўсё, што адбывалася ў яе на вачах.

Місіс Чык з самага пачатку была абражана тым, што не атрымала запрашэння на абед. Крыху апамятаўшыся пасля такога ўдару, яна не пашкадавала грошай, маючы намер з'явіцца да місіс Домбі вечарам у асляпляльным выглядзе, які уразіў-бы пачуцці гэтай лэдзі, а місіс Ск'ютон прымусіў-бы сагнуцца пад цяжарам знявагі.

— Але мною займаюцца ніколькі не больш, чым Фларэнс, — сказала місіс Чык містэру Чыку. — Хто звяртае на мяне хоць якую-колечы ўвагу? Ніхто!

— Ніхто, дарагая мая, — згадзіўся містэр Чык, які сядзеў ля сцяны побач з місіс Чык і нават пацяшаўся тым, што паціху насвістваў.

— Хіба падобна на тое, што тут я колькі-небудзь патрэбна каму? — пабліскваючы вачыма, усклікнула місіс Чык.

— Не, дарагая мая; на маю думку, не падобна, — сказаў містэр Чык.

— Поль звар'яцеў! — сказала місіс Чык.

Містэр Чык засвістаў.

— Калі вы не страшыдла, якім я іншы раз вас лічу, — ад шчырага сэрца заявіла місіс Чык, — то вы можаце, седзячы тут, не напяваць вашых мелодый. Як можа хто-б ён ні быў, маючы хоць-бы далёкае падабенства з мужчынам, бачыць гэту выфранчаную цёшчу Поля, якая какетнічае з маёрам Бегстокам, прысутнасцю якога мы абавязаны, як і шмат якімі іншымі прыемнымі рэчамі, вашай Лукрэцыі Токс…

Маёй Лукрэцыі Токс, мая дарагая? — перапытаў здзіўлены містэр Чык.

— Так! — вельмі сурова адказвала місіс Чык. — Вашай Лукрэцыі Токс! Такім чынам, я пытаюся, як можна бачыць гэту цёшчу Поля, і гэту ганарыстую жонку Поля, і гэтых непрыстойных старых пудзіл, з аголенымі спінамі і плячамі, і наогул гэты вячэрні прыём — бачыць і ў той-жа час свістаць! — Апошняе слова місіс Чык пагардліва падкрэсліла, што прымусіла містэра Чыка ўздрыгануцца. — Гэта астаецца для мяне, дзякуй богу, таямніцай!

Містэр Чык падабраў губы так, што ўжо не было магчымасці ні напяваць, ні свістаць, і набраўся глыбокадумнага выгляду.

— Але, спадзяюся, мне вядома, чаго я маю права чакаць, — прадаўжала місіс Чык, задыхаючыся ад абурэння, — хоць