Старонка:Домбі і сын.pdf/393

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Паслухайце, прыяцель, — міралюбна адазваўся капітан, — вы-б лепш гэтага не гаварылі.

— Так, і вы-б лепш гэтага не гаварылі, капітан, — з гневам запярэчыў нявінны, пачынаючы хныкаць мацней і прадаўжаючы адступацца ў краму. — Ужо лепш выпусціце з мяне кроў, але не ганьбіце мяне!

— Таму што, — спакойна прадаўжаў капітан, — вы чулі, магчыма, пра такую штуку, як лінек[1]?

— Ці чуў я, капітан? — закрычаў уедлівы Тачыльшчык, — не, не чуў! Пра такую штуку я ніколі не чуў.

— Ну, дык вось, мне здаецца, — сказаў капітан, — што вы вельмі хутка з ёю пазнаёміцеся, калі не будзеце трымацца наспагатове. Я вашы сігналы вельмі добра разумею, прыяцель. Можаце ісці.

— Значыцца, я магу цяпер пайсці, капітан? — усклікнуў Роб у захапленні ад такой удачы. — Але памятайце, капітан: я не прасіў у вас дазволу пайсці цяпер. Вам не ўдасца яшчэ раз зганьбіць мяне толькі таму, што вы па ўласнаму жаданню мяне праганяеце. І вы не маеце права затрымліваць маю пенсію, капітан!

Яго гаспадар вырашыў гэта апошняе пытанне, дастаўшы металічную чайніцу і высыпаўшы ўвесь капітал Тачыльшчыка на стол. Роб, хныкаючы і ўсхліпваючы, вельмі зняважаны ў сваіх пачуццях, падабраў манеты адну за другой з хныканнем і ўсхліпваннем і завязаў кожную ў асобны вузялок у насавой хустачцы; пасля ён падняўся на дах дома і напоўніў капялюш і кішэні галубамі, пасля спусціўся ўніз, да сваёй пасцелі пад прылаўкам, і звязаў у клунак свае рэчы, хныкаючы і ўсхліпваючы ўсё мацней, нібы сэрца ў яго надрывалася ад успамінаў, пасля чаго ён правішчэў: «Добры вечар, капітан; я іду ад вас, не памятаючы зла!» і, нарэшце, пераступіўшы цераз парог, тузануў за нос маленькага Мічмана, на развітанне абразіўшы яго, і з урачыстай усмешкай пайшоў па вуліцы.

Капітан, астаўшыся адзін, зноў узяў газету, нібы не здарылася нічога такога незвычайнага або нечаканага і прадаўжаў чытаць з вялікай стараннасцю. Але ніводнага слова не засвоіў капітан Катль, хоць прачытаў іх вялікае мноства, бо на працягу ўсёй газеты Роб Тачыльшчык карабкаўся ўверх па адной калонцы і спускаўся ўніз па другой.

Цяжка сказаць, ці адчуваў сябе калі-небудзь шаноўны капітан такім адзінокім, як цяпер; але-ж цяпер стары Соль Джылс, Уолтэр і Радасць Сэрца былі для яго сапраўды страчанымі, а містэр Каркер ашукаў яго і жорстка высмеяў. Усе яны паўсталі ў вобразе вераломнага Роба, з якім ён не раз дзяліўся дарагімі яму ўспамінамі; ён давяраў вераломнаму Робу і давяраў яму з радасцю; ён зрабіў яго сваім таварышом, як адзінага ўцалелага з

  1. Лінек — тонкая вяроўка; ужывалася ва флоце ў мінулым стагоддзі для цялеснага пакарання матросаў.