Старонка:Домбі і сын.pdf/426

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

тар, але я адчуваю такую адвольную цікавасць да ўсяго, што вас датычыць, што…

Ён зноў запнуўся, нібы стараючыся выявіць, ці дастаткова ён паспеў разварушыць містэра Домбі. І зноў, падтрымліваючы рукою падбародак, скоса паглядзеў на карціну.

— Каркер, — сказаў містэр Домбі, — я цаню тое, што вы не абмяжоўваеце вашай…

— Службы, — падказаў усміхаючыся гаспадар дома.

— Не, я лічу за лепшае сказаць — вашай увагі, — запярэчыў містэр Домбі, вельмі добра разумеючы, што робіць яму вельмі прыемны камплімент, — нашымі чыста дзелавымі адносінамі. Прыкладам таму служаць вашы клопаты пра мае пачуцці, надзеі і расчараванні, аб чым сведчыць гэты нязначны выпадак, які вы ўспомнілі. Я вам удзячны, Каркер.

Містэр Каркер павольна нахіліў галаву і вельмі асцярожна пацёр рукі, нібы баяўся якім-небудзь рухам перапыніць давяральную размову містэра Домбі.

— Ваша паведамленне вельмі своечасова, — прадаўжаў містэр Домбі пасля нядоўгіх ваганняў, — бо яно расчышчае шлях да тае тэмы, якую я маю намер закрануць, і напамінае мне, што мае словы зусім не ўстанаўляюць нейкіх новых дачыненняў паміж намі, хоць, магчыма, і сведчаць аб большай даверлівасці з майго боку, чым тая, якой я да гэтага часу…

— Удастойвалі мяне! — падказаў Каркер, зноў нахіляючы галаву. — Не буду гаварыць аб тым, наколькі я ўшанаваны гэтым. Такі чалавек, як вы, вельмі добра ведае, які вялікі гонар можа ён пры жаданні зрабіць.

— Місіс Домбі і я, — сказаў містэр Домбі, з велічнай безуважлівасцю прапусціўшы міма вушэй гэты камплімент, — не прышлі да згоды па некаторых пытаннях. Мы як быццам яшчэ не разумеем адзін аднаго. Місіс Домбі павінна сяму-таму навучыцца.

— Місіс Домбі вызначаецца многімі рэдкімі і прывабнымі якасцямі і, бясспрэчна, прывыкла да таго, каб ёй курылі фіміям, — сказаў гэты ліслівы, хітры назіральнік, які заўважаў кожны яго позірк і змены ў голасе. — Але там, дзе ёсць любоў, пачуцці абавязку і пашаны, — там усе маленькія промахі будуць быстра загладжаны.

Містэру Домбі мімаволі ўявіўся твар, павернуты да яго ў будуары яго жонкі, калі ўладная рука паказвала на дзверы; і, успомніўшы, як адлюстроўваліся на ім любоў, пачуццё абавязку і пашаны, ён адчуў, што кроў прыліла да яго шчокаў, а гэта заўважылі зыркія вочы, якія пазіралі на яго.

— Місіс Домбі і я, — прадаўжаў ён, — гутарылі, незадоўга да смерці місіс Ск'ютон, аб прычынах маёй незадаволенасці. Аб ёй вы можаце мець некаторае ўяўленне, бо былі сведкам таго, што адбылося паміж місіс Домбі і мною, калі вы былі ў нас… у мяне ў доме.