Старонка:Домбі і сын.pdf/432

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Фларэнс раптам закрычала. Ён пазіраў не на яе, а на Эдзіт. Эдзіт супакойвала і ўсцяшала яе. Яна не крыкнула ад спалоху. Не.

У часе паездкі конна здарыўся сумны выпадак. Конь містэра Домбі спатыкнуўся, і ён быў выкінуты з сядла.

Фларэнс з адчаем крыкнула, што, напэўна, ён жорстка разбіўся, што ён забіты!

Не. Ён гонарам пакляўся, што хоць містэр Домбі і быў спачатку аглушаны, але неўзабаве ачуняў; зразумела, ён церпіць боль ад ушыбаў, але ніякай небяспекі няма. Каб не здарылася гэта, ён, злашчасны вястун, ніколі-б не адважыўся з'явіцца перад місс Домбі. Але гэта шчырая праўда, запэўніў ён яе.

Усё гэта ён гаварыў, нібы даючы адказы Эдзіт, а не Фларэнс, і позірк яго і ўсмешка прызначаліся для Эдзіт.

Пасля ён сказаў ёй, дзе знаходзіцца містэр Домбі, і папрасіў даць у яго карыстанне карэту, каб перавезці містэра Домбі дадому.

— Мама, — ледзь выгаварыла праз слёзы Фларэнс, — калі-б я магла паехаць!

Пачуўшы гэтыя словы, містэр Каркер, які глядзеў на Эдзіт, употайку кінуў на яе многазначны позірк і злёгку паківаў галавою. Ён бачыў, як яна стрымлівалася, перш чым яе прыгожыя вочы адказалі яму, але ён вырваў у яе адказ — ён даў ёй зразумець, што даб'ецца адказу або загаворыць і жорстка раніць сэрца Фларэнс, — і яна адказала яму. Калі яна адвяла ад яго вочы, ён зірнуў на яе так, як пазіраў у тую раніцу на карціну.

— Мне даручана перадаць, — сказаў ён, — што новая эканомка — здаецца яе завуць місіс Піпчын…

Нішто не магло ўнікнуць ад яго. Ён адразу зразумеў, што запрашэнне Піпчын было новай знявагай, нанесенай містэрам Домбі сваёй жонцы.

— … павінна распарадзіцца, каб, па жаданню містэра Домбі, пасцель прыгатавалі яму ўнізе, дзе яго пакоі, бо гэтыя пакоі ён любіць больш за ўсе астатнія. Я хутка вярнуся да містэра Домбі. Няварта казаць вам, пані, што прыняты ўсе меры, каб толькі забяспечыць яму спакой, і што яго вельмі добра даглядаюць. Дазвольце паўтарыць яшчэ раз: няма ніякіх падстаў трывожыцца. Нават вы можаце быць зусім спакойны, паверце мне.

Ён пакланіўся вельмі пачціва і падлізліва, вярнуўся ў пакой містэра Домбі і, распарадзіўшыся, каб карэта была паслана ўслед за ім, зноў сеў на каня і паехаў у Сіці. Ён быў вельмі задуменны, пакуль ехаў туды, вельмі задуменны там і вельмі задуменны ў карэце па дарозе назад у харчэўню, дзе астаўся містэр Домбі. І толькі ля пасцелі гэтага джэнтльмена ён зноў стаў самім сабою і ўспомніў пра свае зубы.

Містэра Домбі, змучанага болем, пасадзілі пад вечар у карэту і з аднаго боку абклалі падушкамі, а з другога — сеў яго памочнік, якому ён давяраў. З прычыны таго, што патрэбна было ста-