Старонка:Домбі і сын.pdf/450

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Не я гэта раблю. — Ён быў збянтэжаны або прытварыўся збянтэжаным.

— А хто-ж?

— Няўжо вы не можаце адгадаць, хто?

— Я не хачу адгадваць, — адказала яна.

— Пані, — сказаў ён пасля нядоўгага вагання; яны ўсё яшчэ пазіралі адзін на аднаго таксама, як і раней, — я знаходжуся у цяжкім становішчы. Вы мне сказалі, што не жадаеце атрымліваць цераз мяне ніякіх паведамленняў, і вы рашуча забаранілі мне варочацца да гэтага прадмета; але гэтыя два прадметы, як я ўбачыў, вельмі цесна звязаны, і калі вас не задаволіць такая няясная перасцярога, якая зыходзіць ад таго, хто цяпер мае гонар карыстацца вашым давер'ем, хоць яму давялося папярэдне заслужыць сабе вашу няласку, то я павінен парушыць накладзеную вамі забарону.

— Вам вядома, што вы можаце гэта зрабіць, сэр, — сказала Эдзіт. — Можаце парушыць яе.

Якая бледная, якая трапяткая, якая ўсхваляваная! Так, значыцца, ён не памыліўся, разлічваючы на эфект!

— Яго распараджэнні, — сказаў ён, — ускладалі на мяне абавязак паведаміць вам, што вашы паводзіны ў адносінах да міс Домбі яму не спадабаюцца. Што яны цягнуць за сабою параўнанні, не спрыяючыя для яго. Што ён жадае гэта змяніць; калі вы паставіцеся да гэтага сур'ёзна, ён упэўнен, што так і будзе; бо, заўсёды праяўляючы сваю прывязанасць да яе, вы не зробіце ёй дабра.

— Гэта пагроза? — запыталася яна.

— Гэта пагроза, — адказаў ён нячутна, а голасна прамовіў. — Але яна накіравана не супроць вас.

Ганарлівая, статная, велічная, такой яна стаяла перад ім, пазірала на яго шырока раскрытымі бліскучымі вачыма, усміхалася з пагардай і горыччу — і раптам панікла, як быццам зямля пад нагамі ў яе правалілася, і ўпала-б на падлогу, калі-б ён не падтрымаў яе. Яна адштурхнула яго, як толькі ён дакрануўся да яе, і, адступіўшыся назад, зноў стаяла перад ім з выцягненай рукой.

— Калі ласка, пакіньце мяне! Не гаварыце больш нічога сёння.

— Я буду заходзіць сюды заўсёды — наведваць яго, а таксама і па справах. Дазвольце мне пабачыцца з вамі яшчэ раз, параіцца, што рабіць, і даведацца пра вашы жаданні.

Яна паказала яму на дзверы.

— Я нават не магу вырашыць, ці сказаць яму, што я ўжо гаварыў з вамі, ці няхай ён лічыць, што я адклаў гэту размову з прычыны нязручнага выпадку, або па іншай прычыне. Неабходна, каб вы хутчэй далі мне магчымасць параіцца з вамі.