Старонка:Домбі і сын.pdf/460

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Яго апанавала яшчэ больш глыбокае раздум'е і ён сядзеў, разважаючы над чарнеючым попелам, пасля падняўся з выглядам чалавека, які адарваўся ад кнігі, і, азірнуўшыся вакол, узяў капялюш і пальчаткі і накіраваўся туды, дзе чакаў яго конь, сеў на яго і паехаў па асветленых вуліцах; быў вечар.

Ён наблізіўся да дома містэра Домбі, затрымаў каня і, праязджаючы ступою, паглядзеў угору, на вокны. Спачатку яго ўвагу прыцягнула тое акно, у якім ён бачыў некалі Фларэнс з яе сабакам, хоць цяпер у ім не было святла.

Ён усміхнуўся, акінуўшы позіркам велічны фасад дома, і, здавалася, ганарліва адвярнуўся ад гэтага цёмнага акна.

— Быў час, — сказаў ён, — калі цяжка было сачыць нават за вашай маленькай узыходзячай зоркай і ведаць, дзе збіраюцца воблакі, каб у выпадку неабходнасці засланіць вас. Але цяпер узышла планета і зацямніла вас сваім ззяннем.


РАЗДЗЕЛ XLVII

Грымнуў гром.

Час не расхістаў перашкоды паміж містэрам Домбі і яго жонкай. Іх ганарлівасці, адрозніваючыся характарам, былі аднолькавай сілы; нібы крэмень, іх варожасць высякала іскру паміж імі, якая то тлела, то разгаралася ў залежнасці ад акалічнасцей, спальвала ўсё ў сумесным іх жыцці і ператварала іх шлюбны шлях у дарогу, усыпаную попелам.

Будзем справядлівымі да яго. Аддаючыся страшэннаму заблуджэнню ўсяго свайго жыцця, ён гнаў Эдзіт уперад і мала думаў аб тым, да якой мэты і як яна ідзе. Аднак, пачуццё яго да яе — якое-б яно ні было — аставалася такім, якім было спачатку. Яна правінілася перад ім у тым, што невядома чаму адмовілася прызнаць вялікую яго ўладу і цалкам ёй падначаліцца, а значыцца, належала выправіць яе і ўціхамірыць; але ў іншых адносінах ён па-ранейшаму, з уласцівай яму халоднасцю, лічыў яе за асобу, якая пры жаданні здольна зрабіць гонар яго выбару і імю і садзейнічаць славе яе ўласніка.

За шэсць месяцаў, што прайшлі пасля няшчаснага здарэння з містэрам Домбі, у іх адносінах не адбылося ніякай перамены. Мрамарная скала не магла-б стаяць на яго шляху з большай упартасцю, чым стаяла яна, і самая ледзяная крыніца ў нетрах глыбокай пячоры, куды не пранікае промень святла, не магла быць больш непрыступнай і халоднай, чым ён.