Старонка:Домбі і сын.pdf/470

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

куды Фларэнс даўно ўжо не заглядала і цяпер не адважылася зайсці, баючыся выклікаць ненаўмысна новыя непаразуменні. Але, не трацячы надзеі сустрэцца з ёй перад сном, Фларэнс пераходзіла з пакоя ў пакой і, нідзе не знаходзячы сабе месца, блукала па ўсім доме, такім прыгожым і такім панурым.

Яна ішла па карыдоры, што выходзіў на пляцоўку лесвіцы і асвятляўся толькі ў выпадках урачыстасці, як раптам убачыла здалёку, праз арку, нейкага мужчыну, які спускаўся з лесвіцы. Інстынктыўна ўнікаючы сустрэчы з бацькам, за якога яна палічыла гэтага чалавека, Фларэнс спынілся ў цемры, пазіраючы туды, дзе гарэла святло. Але гэта быў містэр Каркер, які спускаўся адзін з лесвіцы і глядзеў цераз парэнчы ў вестыбюль. Званок не абвясціў аб яго адыходзе, і ніхто са слуг яго не праводзіў. Ён паціхеньку спусціўся ўніз, сам адчыніў дзверы, вышмыгнуў на вуліцу і бясшумна замкнуў за сабою дзверы. Здавалася, кроў застыла ў яе жылах. Як толькі сілы да яе вярнуліся — а ў першыя хвіліны непераможны страх перашкаджаў ёй крануцца з месца, — яна хутка пайшла да сябе і замкнула дзверы; але нават цяпер, седзячы замкнуўшыся са сваім сабакам, яна не магла перамагчы халоднае пачуццё жаху, нібы блізкай была бяда, што пагражала ей.

Яно ўварвалася ў яе сны і ўсю ноч парушала яе спакой. Устаўшы раніцой з цяжкім успамінам аб сямейных сварках, якія далі сябе адчуць напярэдадні вечарам, яна зноў пачала шукаць Эдзіт па ўсіх пакоях і ўсю раніцу аднаўляла гэтыя пошукі. Але Эдзіт не выходзіла са сваёй спальні, і Фларэнс яе так і не ўбачыла. Даведаўшыся, аднак, што ўрачысты абед адкладзен, Фларэнс падумала, што Эдзіт вечарам паедзе ў госці, прыняўшы запрашэнне, аб якім гаварыла, і вырашыла сустрэць яе на лесвіцы.

Калі надышоў вечар, Фларэнс, якая чакала яе ў адным з пакояў, пачула крокі на лесвіцы, якія палічыла за крокі Эдзіт. Таропка вышаўшы і кінуўшыся ёй насустрэч, Фларэнс убачыла, што тая адна спускаецца з лесвіцы.

І як-жа спалохалася і здзівілася Фларэнс, калі Эдзіт, убачыўшы яе з заплаканым тварам і распасцёртымі рукамі, у жаху адскочыла і крыкнула:

— Не падыходзьце да мяне! — крыкнула яна. — Адыйдзіце! Дайце мне прайсці.

— Мама! — сказала Фларэнс.

— Не называйце мяне гэтым імем! Не гаварыце са мной! Не глядзіце на мяне! Фларэнс! — яна адхіснулася, калі Фларэнс хацела падыйсці бліжэй. — Не дакранайцеся да мяне!

Фларэнс, адрантвеўшая ўбачыўшы пакарожаны твар і шырока раскрытыя вочы, заўважыла, як у сне, што Эдзіт закрыла