Старонка:Домбі і сын.pdf/473

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

чаго ўпрыгожаных, — яна адчула, што сэрца яе вось-вось разарвецца ад гора.

Неўзабаве ён з'явіўся зноў. Ён загадаў слугам займацца штодзённымі справамі і пайшоў на сваю палавіну, дзе пачаў хадзіць з кутка ў куток, так што яна чула яго цяжкую хаду.

Раптам паддаўшыся парыву любові, звычайна ціхай, але цяпер, калі яго пасягнула няшчасце, смелай і незастрашанай былой няпрыязню, Фларэнс, не зняўшы шаля і капялюша, збегла ўніз.

Калі яе лёгкія крокі пачуліся ў вестыбюлі, ён вышаў з свайго пакоя. Яна кінулася да яго, распасцёршы рукі і крыкнуўшы: «О, тата, любы тата!», нібы хацела абняць рукамі яго шыю.

Яна і зрабіла-б гэта. Але ў шаленстве сваім ён жорстка падняў руку і выцяў яе, размахнуўшыся з такой сілай, што яна пахіснулася, ледзь не ўпаўшы на мармарную падлогу. І, ударыўшы, ён ёй сказаў, хто такая Эдзіт, і загадаў ісці да яе, калі яна заўсёды была ў саюзе супроць яго.

Яна не пала да яго ног; яна не закрыла твара дрыжачымі рукамі, каб не бачыць яго; яна не заплакала; яна не папракнула яго ні адзіным словам. Але яна паглядзела на яго, і горкі плач вырваўся з яе грудзей. Бо, паглядзеўшы на яго, яна ўбачыла, што ён забівае тую мару аб любові, якую, насуперакі яму, яна песціла. Яна ўбачыла яго жорсткасць, роўнадушнасць, нянавісць, што паўставалі супроць гэтай мары і тапталі яе. Яна ўбачыла, што няма ў яе бацькі, і, асірацелая, выбегла з яго дома.


РАЗДЗЕЛ XLVIII

Уцёкі Фларэнс.

Не памятаючы сябе ад гора, сораму і жаху, адзінокая дзяўчына бегла ў ззянні сонечнай раніцы, нібы ў змроку зімняй ночы. Ломячы рукі і заліваючыся горкімі слязмі, не адчуваючы нічога, апрача глыбокай раны ў сэрцы, ашаламучаная стратай усяго, што любіла, кінутая, накшталт адзінага чалавека, што ўцалеў на пустэльным беразе пасля крушэння вялікага судна, яна бегла без думак, без надзей, без мэты, толькі-б бегчы куды-небудзь — усёроўна куды!

Куды ісці? Куды-небудзь, усёроўна куды! Толькі-б ісці; але куды? Яна ўспомніла аб тым, як заблудзілася аднойчы ў нетрах Лондана, — але заблудзілася не так, як цяпер, — і пайшла да дома дзядзькі Уолтэра.

Заглушаючы плач, выціраючы апухлыя вочы, стараючыся захаваць свой перапалох, каб не звяртаць на сябе ўвагі прахожых, Фларэнс, парашыўшы ісці па менш людных вуліцах, рушыла ўжо спакойней, як раптам па залітым сонцам тратуары прашмыгнуў знаёмы маленькі цень, спыніўся, закруціўся на адным месцы, пад-