Старонка:Домбі і сын.pdf/498

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

каўлены ўсім, што датычыць міс Домбі, і набыў звычку даваць час ад часу якую-небудзь мізэрную суму лакею, вельмі шаноўнаму маладому чалавеку, нейкаму Таулінсону, які даўно ўжо служыць у гэтым доме і ўчора вечарам Таулінсон паведаміў мне, якое становішча спраў. З таго часу, капітан Джылс і лейтэнант Уолтэрс, я зусім страціў рассудак і ўсю ноч валяўся на канапе; а цяпер з'явіўся перад вамі такой развалінай.

— Містэр Тутс, — сказаў Уолтэр, — я шчаслівы ад таго, што магу супакоіць вас. Прашу вас, не трывожцеся. Міс Домбі жывая і непашкоджаная.

— Сэр! — закрычаў містэр Тутс, усхапіўшыся з крэсла і зноў паціскаючы яму руку. — Я адчуваю такую бязмежную і невымоўную палёгку, што калі-б вы нават сказалі мне цяпер: міс Домбі вышла замуж, — я мог-бы ўсміхнуцца. Так, капітан Джылс, — сказаў містэр Тутс, звяртаючыся да капітана Катля, — клянуся душой і целам, я мог-бы ўсміхнуцца! Вось якую палёгку я адчуў, хоць і невядома, што-б я зрабіў з сабою зараз- жа пасля гэтага!

— Такому велікадушнаму чалавеку, як вы, — сказаў Уолтэр, не зацягваючы з адказам на поціск рукі, — будзе яшчэ большай палёгкай і прыемнасцю даведацца, што вы можаце зрабіць ласку міс Домбі. Капітан Катль, будзьце ласкавы, правядзіце містэра Тутса наверх.

Капітан паклікаў містэра Тутса, які са здзіўленым выглядам пайшоў за ім і, падняўшыся на мансарду, быў уведзены без усякага папярэджання ў новы прытулак Фларэнс.

Здзіўленне і радасць небаракі містэра Тутса, калі ён убачыў яе, маглі знайсці сабе выйсце толькі ў самадурных учынках. Ён падбег да яе, схапіў яе руку, пацалаваў, выпусціў з рук, зноў схапіў, апусціўся на адно калена, расплакаўся, захіхікаў, ніколькі не думаючы аб небяспецы пацярпець шкоду ад Дыагена, які ўявіў, быццам у гэтых учынках ёсць штосьці варожае яго гаспадыні, і круціўся вакол яго.

— О, Ды, брыдкі, забыўчывы сабака! Дарагі містэр Тутс, як я рада вас бачыць!

— Дзякую вам, — сказаў містэр Тутс, — я здаровы, вельмі вам дзякую, міс Домбі. Спадзяюся, уся сям'я ў добрым здароўі?

Містэр Тутс сказаў гэта зусім не разумеючы, аб чым ён гаворыць, сеў на крэсла і пачаў паглядаць на Фларэнс, прычым твар яго выказваў самую жорсткую барацьбу паміж зачараваннем і роспаччу.

— Капітан Джылс і лейтэнант Уолтэрс паведамілі мне, міс Домбі, — задыхаючыся, прагаварыў містэр Тутс, — што я магу зрабіць вам нейкую ласку. Калі-б я мог як-небудзь знішчыць успамінак аб тым дні ў Брайтоне, калі я нагадваў хутчэй разбойніка, чым чалавека, які мае незалежнае становішча, — прадаўжаў містэр Тутс, выносячы сабе суровы прыгавор, — я з радасцю лёг-бы ў маўклівую магілу.