Старонка:Домбі і сын.pdf/502

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

былася. Цяпер у мяне адна надзея: магчыма, вы будзеце думаць аба мне з меншай няпрыязню, калі гэта пачуццё не патрэбна больш захоўваць. І аб адным я прашу, Уолтэр, ад імя той няшчаснай дзяўчынкі, якая была калісьці, вашай сястрой: не старайцеся змагацца з самім сабой і не мучце сябе праз мяне цяпер, калі я ўсё ведаю.

Пакуль яна гаварыла, Уолтэр пазіраў на яе з бясконцым здзіўленнем і неўразуменнем, якія не пакідалі месца для іншых пачуццяў. Пасля ён схапіў гэту ручку, якая так упрашальна дакранулася да яго рукі, і затрымаў яе.

— О, міс Домбі! — усклікнуў ён. — Ці можа быць, што ў той час, як я так пакутваў, змагаючыся з пачуццём абавязку і ўсведамленнем сваіх абавязкаў у адносінах да вас, я прымусіў і вас пакутаваць, аб чым даведваюся з вашых слоў! Ніколі, ніколі не думаў я пра вас дрэнна, і заўсёды вы былі для мяне самым светлым, чыстым і святым успамінкам майго дзяцінства і юнацтва. Заўсёды, з першага дня я лічыў і да апошняга дня буду лічыць тую ролю, якую вы адыгрывалі ў маім жыцці, чымсьці свяшчэнным! Зноў бачыць вашы вочы і чуць ваш голас, як у той вечар, калі мы рассталіся, — для мяне невымоўнае шчасце. А карыстацца на правах брата вашай любоўю і давер'ем было для мяне найвялікшым і каштоўным дарам!

— Уолтэр, — сказала Фларэнс, пазіраючы на яго пільна, але змяніўшыся ў твары, — якое-ж гэта пачуццё абавязку і ўсведамленне абавязкаў у адносінах да мяне прымушаюць вас афяроўваць усім гэтым?

— Пашана, — ціха сказаў Уолтэр. — Пракланенне.

Румянец успыхнуў у яе на шчоках, і яна нясмела і задуменна забрала ў яго руку, але па-ранейшаму пазірала на яго пільна.

— У мяне няма правоў брата, — сказаў Уолтэр. — Я не магу дамагацца на правы брата. Я пакінуў тут дзіцё і застаў жанчыну.

Румянец заліў яе твар. Яна зрабіла такі жэст, як быццам упрашала яго замоўкнуць, і закрыла рукамі твар.

Абое некаторы час маўчалі; яна плакала.

— Мой абавязак перад сэрцам, такім даверлівым, чыстым і добрым, прымушае мяне адарвацца ад яго, хоць-бы гэта разбіла мне сэрца, — сказаў Уолтэр. — Як-бы адважыўся я сказаць, што для мяне вы — сястра!

Яна ўсё яшчэ плакала.

— Калі-б вы былі шчаслівы, акружаны ўлюбёнымі і адданымі сябрамі і ўсім, што робіць зайздросным становішча, для якога вы былі народжаны, — прадаўжаў Уолтэр, — і калі-б вы тады, у памяць дарагога мінулага, назвалі мяне братам, я, аддзелены ад вас вялікай адлегласцю, мог-бы адазвацца на гэта слова з поўнай ўпэўненасцю, што не зняважу вашага нявіннага пачуцця. Але тут… і цяпер!..