Старонка:Домбі і сын.pdf/504

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Фларэнс, ён адсунуў крэсла і сябе разам з ім, наколькі гэта было магчыма.

— Як! Радасць Сэрца! — закрычаў капітан, раптам абрадаваўшыся. — Гэта праўда?

— Так! — з запалам адказала Фларэнс.

— Уольр! Муж! Так? — закрычаў капітан, падкідаючы свой глянцавіты капялюш да акна ў столі.

— Так! — смеючыся і плачучы, усклікнула Фларэнс.

Капітан зараз-жа абняў яе, а пасля, падхапіўшы глянцавіты капялюш і напяліўшы яго на галаву, прасунуў руку Фларэнс пад сваю і зноў павёў яе наверх, дзе адчуў што іменна цяпер належыць пажартаваць найлепшым чынам.

— Ну што, Уольр, мой хлопчык! — сказаў капітан, заглядаючы ў пакой, прычым яго фізіяномія нагадвала распаленую скавараду. — Так, значыцца, не можа быць ніякіх іншых правоў, праўда?

Падобна было да таго, што ён задыхнецца ад гэтых жартаў, якія паўтараў за чаем прынамсі разоў сорак, паліруючы сваю ззяючую фізіяномію рукавом фрака, а ў прамежках выціраючы галаву насавой хустачкай. Але пры такім становішчы спраў ён знайшоў яшчэ больш сур’ёзную крыніцу жартаў, бо не раз паўтараў паціху, пазіраючы з невымоўнай радасцю на Уолтэра і Фларэнс.

— Эдуард Катль, браце, вы абралі найлепшы курс, перадаўшы маленькую маёмасць у сумеснае ўладанне!


РАЗДЗЕЛ LI

Містэр Домбі і свецкае грамадства.

Што робіць горды чалавек, пакуль дні ідуць адзін за адным? Ці думае ён калі-небудзь пра сваю дачку і ці пытаецца ён у самога сябе, куды яна пайшла? Ці думае ён, што яна вярнулася дадому і вядзе ранейшы спосаб жыцця ў нудным доме? Ніхто не можа адказаць за яго. З таго часу ён ні разу не праказаў яе імя. Дамачадцы вельмі баяцца яго, каб загаварыць аб тым, чаго ён вырашыў не закранаць; а тую адзіную асобу, якая адважваецца распытваць у яго, ён зараз-жа прымушае змоўкнуць.

— Дарагі мой Поль! — балбоча яго сястра ў дзень уцёкаў Фларэнс, бокам прашмыгаючы ў пакой. — Ваша жонка! Гэта выскачка! Ці можа быць, што чуткі, якія да мяне дайшлі, правільныя? І вось як аддзяквала яна вам за бяспрыкладную адданасць ёй, што даходзіла, у чым я ўпэўнена, да таго, што яе капрызам і ганарлівасці вы прынеслі ў афяру нават сваякоў! Няшчасны мой брат!