Старонка:Домбі і сын.pdf/506

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

іншых людзей не менш, чым на яго. Сведка гэтаму — стрыечны брат Фінікс, які прыязджае з Бадэн-Бадэна для гутаркі з містэрам Домбі. Сведка таму — маёр Бегсток, які суправаджае стрыечнага брата Фінікса ў часе выканання гэтай місіі, што сведчыць аб сяброўстве.

Містэр Домбі прымае іх з уласцівай яму годнасцю і стаіць, выпрастаўшыся, у звычайнай сваёй позе перад камінам.

— Выключна халодная вясна, — кажа містэр Домбі, каб ашукаць свецкае грамадства.

— Чорт пабяры, сэр, — кажа маёр, натхнёны сяброўскімі пачуццямі, — Джозеф Бегсток — не майстар прыкідвацца. Калі вы жадаеце цурацца сваіх сяброў і адказваць ім халоднасцю, Дж. Б. не прыгодны для вашых мэт. Джо грубы і непахісны, сэр; ён шчыры, гэты Джо!

Містэр Домбі не перапыняе яго.

— Домбі, — кажа маёр, — я — чалавек свецкі. Наш сябра Фінікс… калі маю права так назваць…

— Дапраўды-ж, я ўшаваны, — кажа стрыечны брат Фінікс.

— … таксама чалавек свецкі, — прадаўжае маёр, страсянуўшы галавой. — Домбі, вы — свецкі чалавек. Калі трое свецкіх людзей сустрэнуцца і калі яны да таго-ж сябры — як адважваюся я думаць… — звяртаецца ён зноў да стрыечнага брата Фінікса.

— Вядома, найлепшыя сябры, — кажа стрыечны брат Фінікс.

— … і калі яны сябры, — прадаўжае маёр, — то стары Джо думае (магчыма, Джо памыляецца), што лёгка адгадаць думку свету аб любым прадмеце.

— Бясспрэчна! — кажа стрыечны брат Фінікс. — Уласна кажучы, гэта зусім відавочна. Мне надта хацелася-б, маёр, каб мой сябра Домбі даведаўся аб вялікім маім здзіўленні і спачуванні адносна таго, што мая цудоўная і бездакорная сваячка, надзеленая ўсімі якасцямі, якія могуць даць шчасце мужчыну, да такой ступені забылася пра свае абавязкі ў адносінах… уласна кажучы, у адносінах свету… і так сябе скампраметавала. З таго часу ў мяне надзвычай дрэнны настрой і не далей, як учора вечарам, сказаў Даўгавязаму Сэксбі — ростам ён шэсць футаў дзесяць дзюймаў, і, напэўна, мой сябра Домбі з ім знаёмы, — што я падзвычай узрушаны і ў мяне разлілася жоўць.

— Такім чынам, Домбі… — з вялікай энергіяй кажа маёр, спрабуючы прадоўжыць сваю гутарку.

— Прашу прабачэння! — перапыняе стрыечны брат Фінікс. — Дазвольце сказаць яшчэ адно слова. Мой сябра Домбі дазвоіць мне заўважыць, што калі што-небудзь і магло ўзмацніць вялікія пакуты, якія мяне ў даным выпадку пасягнулі, то хіба толькі зусім зразумелае здзіўленне свету, выкліканае меркаваннем, што мая цудоўная і бездакорная сваячка (прашу дазволу па-ранейшаму называць яе іменна так) нібы скампраметавала сябе з чалавекам — уласна кажучы, з чалавекам, які мае белыя зубы, — які займае становішча ў грамадзе нязмерна ніжэйшае,