Старонка:Домбі і сын.pdf/516

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Дапраўды, місіс Браун, — запярэчыў зняслаўлены Тачыльшчык, — я і не заікаўся аб тым, што хачу пайсці. Будзьце ласкавы, місіс Браун, не кажыце гэтага.

— Я зусім ні аб чым не буду гаварыць, — сказала місіс Браун, паварушыўшы сваімі скручанымі пальцамі, пасля чаго той скурчыўся ў кутку, і зрабіўся ў два разы меншым. — Я больш ніводнага слова яму не скажу. Ён — няўдзячны сабака! Я ад яго адракуся. Няхай ён ідзе да ліха! А я напушчу на яго тых, хто не стане трымаць язык за зубамі, я напушчу тых, ад каго ён не адчэпіцца, тых, якія ўвап'юцца ў яго, як п'яўкі, і будуць красціся за ім, як лісы. О, ён іх ведае! Ён ведае і свае старыя гульні і прывычкі. Калі ён забыўся, яны яму хутка напомняць. Няхай ён ідзе вон і няхай паглядзіць, як яму будзе добра служыць свайму гаспадару і захоўваць яго сакрэты, калі гэтыя хлопцы ходзяць за ім следам. Ха-ха-ха! Ён убачыць, што яны зусім не падобны да нас з вамі, Элі, хоць з вамі і са мною ён няшчыры. Няхай ён ідзе вон, няхай ідзе вон!

На невымоўны жах Тачыльшчыка, згорбленая старая пачала хадзіць па кругу дыяметрам у чатыры футы, паўтараючы гэтыя словы, трасучы над галавою кулаком і жуючы губамі.

— Місіс Браун, — залемантаваў Роб, высунуўшыся з свайго кутка, — я ўпэўнен, што, падумаўшы і супакоіўшыся, вы не захочаце забіць хлапца, праўда?

— Маўчыце! — сказала місіс Браун, з гневам прадаўжаючы рушыць па кругу. — Ідзіце вон!

— Місіс Браун, — упрашаў няшчасны Тачыльшчык, — ды я-ж не хацеў… о, трэба-ж было, каб з хлапцом здарылася такая бяда!.. я толькі асцерагаўся балбатаць, як і заўсёды асцерагаюся, бо ён усё можа выведаць. Але мне варта было-б ведаць, што далей гэтага пакоя нічога не пойдзе. Я, дапраўды, вельмі не супроць папляткарыць крыху, місіс Браун, — з няшчасным выглядам дадаў ён. — Калі ласка, кіньце так гаварыць. Ох, ды няўжо-ж вы не закінеце слаўца за няшчаснага? — закрычаў Тачыльшчык, у роспачы звяртаючыся да дачкі.

— Матуля, вы чуеце, што ён гаворыць, — сурова прагаварыла тая, нецярпліва страсянуўшы галавой, — паспрабуйце яшчэ раз, а калі вы зноў пасварыцеся, можаце, калі хочаце, раз на заўсёды расправіцца з ім.

Місіс Браун, як відаць расчуленая гэтым далікатным угаворам, пачала падвываць і, паступова змякчыўшыся, абвіла рукамі раскаяўшагася Тачыльшчыка, які з невымоўна сумнай фізіяноміяй адказаў на абдымкі і з выглядам афяры, якою ён і быў, заняў сваё ранейшае месца каля яе.

— Любенькі мой, ну, як маецца гаспадар? — запыталася місіс Браун.

— Ціха! Будзьце ласкавы, місіс Браун, гаварыце не так моцна, — папрасіў, Роб. — Думаю, што ён здаровы, дзякую вам.