Старонка:Домбі і сын.pdf/521

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

падбегла да яе, разняла руку, паказваючы, што ў ёй было заціснута, і, зноў прагна сціснуўшы яе ў кулак, прашаптала:

— Што-ж ён цяпер задумаў, Элі?

— Дрэнную справу, — адказала дачка.

— Забойства? — запыталася старая.

— Гордасць яго зняважана, і ні мы, ні сам ён — ніхто не ведае, што здолен ён зрабіць.

Больш яны не сказалі ні слова і сядзелі воддаль адна ад другой. Роб спаў і хроп. Толькі забыты ўсімі папугай увесь час быў у руху. Ён чапляўся сваёй выгнутай дзюбай за дрот клеткі, падымаўся да купала і карабкаўся па ім, як муха, спускаўся адтуль уніз галавою і трос, кусаў і тузаў тонкія драцінкі, нібы ведаў, што гаспадару яго пагражае небяспека, і чаго-б гэта ні каштавала хацеў вырвацца і паляцець, каб перасцерагчы яго.


РАЗДЗЕЛ LIII

Новыя весткі

Сваякі здрадніка — яго адвергнутыя брат і сястра — адчувалі цяжкасць яго злачынства амаль што мацней, чым той, каго ён так жорстка зневажыў. Якім ні было свецкае грамадства цікаўным і патрабавальным, аднак, яно саслужыла службу містэру Домбі, штурхаючы яго да праследвання і помсты.

Упартасць яго з'яўлялася да нейкай ступені заменай дзеяння. Пакуль ён яшчэ не ведаў, дзе хаваецца здраднік, гэта ўпартасць дапамагала яму абстрагавацца ад уласнага няшчасця і заняць сябе іншымі думкамі. Брат і сястра яго каварнага фаварыта былі пазбаўлены гэтага ўцяшэння; дзякуючы падзеям іх жыцця, мінулага і сучаснага, яго злачынства было для іх асабліва цяжкім.

У той самы дзень, вечар якога апісаны ў апошнім раздзеле, калі свецкае грамадства надзвычай цікавілася ўцёкамі жонкі містэра Домбі, за акном пакоя, дзе брат і сястра сядзелі ў часе ранняга снедання, нечакана прамільгнуў цень чалавека, які накіроўваўся да ганка; гэта быў Перч, рассыльны.

— Я прышоў досвіткам, — сказаў містэр Перч, таямніча заглядаючы ў пакой і спыняючыся на маце, каб добра выцерці чаравікі, якія без таго былі чыстыя, — я рана прышоў, бо ўчора атрымаў такое распараджэнне. Мне было загадана, містэр Каркер, абавязкова перадаць вам раніцой запіску, пакуль вы яшчэ не пайшлі. Я быў-бы тут на паўтары гадзіны раней, — пакорліва дадаў містэр Перч, — калі-б не стан здароўя місіс Перч… У гэту ноч я разоў пяць рызыкаваў страціць місіс Перч.

— Хіба ваша жонка так цяжка хворая? — запыталася Херыет.