Старонка:Домбі і сын.pdf/526

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Гэта сумежныя пакоі; магчыма, раней гэта быў адзін пакой, і яны аддзелены адзін ад другога так, як кажа містэр Морфін, — сказаў яе брат, зноў павярнуўшыся да яго і чакаючы далейшых тлумачэнняў.

— Я свістаў, спяваў мэлодыі, я хацеў даць ім зразумець, што ў мяне ўсё чуваць, — прадаўжаў, містэр Морфін, — але ён ніколі не звяртаў на мяне ўвагі. Вядома, мне рэдка здаралася чуць прыватныя размовы. Але калі я быў у той час у пакоі і мімавольна павінен быў штосьці пачуць, я выходзіў. Адзін раз, Джон, я вышаў, калі вялі гутарку два браты, у якой удзельнічаў спачатку і малады Уолтэр Гэй. Але, перш чым выйсці з пакоя, я паспеў сёе-тое пачуць. Магчыма, вы аб гэтым памятаеце і раскажаце сястры, аб чым ішла гутарка.

— Херыет, — ціха сказаў брат, — гутарка ішла аб мінулым і аб нашым становішчы ў фірме.

— Прадмет гэтай гутаркі не меў для мяне нічога новага, але ён адкрыў для мяне новы пункт гледжання. Ён пахіснуў маю прывычку — прывычку дзевяці дзесятых насельніцтва земнага шара — лічыць, што ўсё вакол мяне добра, бо я з гэтым асвоіўся, і ён-жа штурхнуў мяне ўспомніць гісторыю двух братоў і задумацца аб ёй. Пасля той раніцы я зрабіўся, як кажуць, менш добрадушным, менш падатлівым і спагадлівым.

Ён памаўчаў, барабанячы пальцамі па стале, пасля хутка загаварыў, як быццам спяшаўся скончыць сваю споведзь:

— Перш чым я прыняў якое-небудзь рашэнне, перш чым я мог зрабіць які-небудзь захад, паміж тымі самымі двума братамі адбылася другая гутарка, прычым было спамянута імя іх сястры. Тады я прышоў сюды, каб уласнымі вачыма ўбачыць сястру. Я папрасіў дазволу ўвайсці ў дом, зайшоў і сказаў тое, што хацеў сказаць. Ваша сястра растлумачыла мне прычыны, — я іх не адважыўся аспрэчваць, — чаму яна адмаўляецца прыняць дапамогу ад мяне; але я ўстанавіў паміж намі спосаб зносін, якія падтрымліваліся рэгулярна, аж да апошняга часу, калі мне давядося парушыць іх, бо я павінен быў заняцца важнымі справамі.

— А я-ж, штодзённна сустракаючыся з вамі, нават і не думаў гэтага, сэр! — сказаў Джон Каркер. — Калі-б Херыет магла адгадаць ваша імя…

— Праўдў кажучы, Джон, — перапыніў госць, — я захаваў яго па двух прычынах. Не ведаю, ці досыць было-б адной першай: чалавек не мае права прымаць падзяку за добрыя намеры, і я рашыў не гаварыць свайго імя, пакуль мне не ўдасца аказаць вам якую-небудзь рэальную паслугу. Другая прычына заключалася ў тым, што ў мяне заўсёды прамільгала надзея, ці не памякчэе ваш брат ў адносінах да вас абодвух, а калі-б такі падазроны і насцярожаны чалавек выявіў маю сяброўскую да вас прыхільнасць, гэта магло-б паслужыць ракавой прычынай для новага разрыву. Я рашыў, рызыкуючы заслужыць сабе яго няласку — але