Старонка:Домбі і сын.pdf/537

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

перада мною, пазіраць на мяне і даведацца, нарэшце, якая ў мяне мэта!

З моцным праклёнам ён усхапіўся з крэсла. Яна сунула руку за карсаж, і ніводзін палец у яе не здрыгануўся, ніводзін волас на галаве не зварухнуўся. Ён стаяў нерухома, яна таксама; паміж імі — стол і крэсла.

Яе пабліскваючыя вочы — на момант яна іх падняла — зноў спыніліся на Каркеры, і яна працягнула яму пісьмы, трымаючы іх левай рукой.

— Паглядзіце на іх! — пагардліва сказала яна. — Вы адрасавалі іх мне на выдуманае імя. Пад гэтым імем вы цяпер жывеце; адно адрасована сюды, другое — на нейкую прамежную станцыю. Яны не распячатаны. Вазьміце іх назад!

Яна іх скамячыла і шпурнула да яго ног. А калі яна зноў зірнула на яго, у яе на твары была ўсмешка.

— Сёння ўночы мы сустрэліся і сёння ўночы мы расстанемся, — сказала яна. — Надта рана вы пачалі марыць аб Сіцыліі.

— Эдзіт! — закрычаў ён з пагражальным жэстам. — Сядзьце! Час скончыць з гэтым! Які д'ябал усяліўся ў вас?

— Імя ім легіён! — адказала яна, ганарліва выпрастаўшыся, нібы жадаючы знішчыць яго. — Вы са сваім панам выгадавалі іх на добрай глебе, і яны разарвуць вас абодвух. Здрадзіўшы яму, здрадзіўшы яго нявіннаму дзіцяці, здрадзіўшы ўсяму і ўсім, ідзіце і пахваляйцеся сваёй перамогай нада мной і скрыгайце зубамі, ведаючы, што вы хлусіце!

Ён стаяў перад ёю, мармытаў пагрозы і панура азіраўся навокал, нібы шукаючы штосьці, з дапамогай чаго ён-бы яе перамог.

Так мы з вамі не расстанемся, — сказаў ён. — Няўжо вы лічыце мяне дурным, думаючы, што я вас пушчу, калі вы не ўладаеце сабою?

— Няўжо вы думаеце, што мяне можна ўтрымаць? — адазвалася яна.

Ён прадаў-бы сваю душу, толькі каб прыбіць яе да падлогі, ва ўсёй яе прыгажосці, з бездапаможна павісшымі рукамі. Але ён не мог пазіраць на яе без страху.

— На развітанне выслухайце мае перасцярогі! Будзьце напагатове! — сказала яна і зноў усміхнулася. — Вам здрадзілі, гэта лёс усіх здраднікаў. Вядома, што вы знаходзіцеся тут, або павінны сюды прыехаць. Сёння вечарам я бачыла на вуліцы ў карэце майго мужа!

— Вы хлусіце, нягодніца! — закрычаў Каркер.

У тую-ж хвіліну ў пярэдняй моцна зазванілі. Ён пабляднеў, а яна падняла руку, нібы чараўніца, якая сваімі заклінаннямі выклікала гэты гук.

— Вось! Чуеце?