Старонка:Домбі і сын.pdf/544

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Бо на гэты раз гэта не здалося яму. Зямля дрыжэла, у доме грукацела, штосьці шалёна і імкліва ляцела ў паветры! Ён адчуваў, як яно набліжалася і праімчалася міма. Але, падбегшы да акна і ўбачыўшы, што гэта такое, ён, тым не менш, адскочыў, нібы небяспечна было на яго пазіраць.

Праклёны на гэтага вогненага д'ябла, які так плаўна імчыцца з грукатам удалечыню, пакідае за сабой у даліне водбліск святла і злавесны дым і знікае! Каркеру здавалася, быццам яго хутка схапілі з дарогі гэтага д'ябла і выратавалі, калі яму пагражала небяспека быць разарваным на кавалкі.

Не могучы заснуць, адчуваючы, а магчыма, яму гэта здавалася, што яго нястрымна цягне да гэтай дарогі, ён вышаў з дому і пачаў бадзяцца ля самага яе краю, адзначаючы шлях поезда па попелу, які ляжаў на шпалах, і пытаючыся ў самога сябе, калі-ж нарэшце, праімчыцца яшчэ адзін дэман.

Ён дачакаўся наступнага поезда, а пасля яшчэ аднаго. Ён блукаў каля станцыі, чакаючы, каб якая-небудзь з гэтых пачвар, спынілася тут, а калі адна з іх спынілася і яе адчапілі ад вагонаў, каб гэта пачвара магла набраць вады, Каркер падышоў да яе і пачаў разглядаць цяжкія яе колы і медныя грудзі і думаць аб тым, якой жорсткай сілай і магутнасцю надзелена яна. О, бачыць, як гэтыя велізарныя колы пачынаюць памалу круціцца і думаць аб тым, як яны находзяць на цябе і крышаць косці!

Узбуджаны віном і патрэбай у адпачынку — гэту патрэбу, не гледзячы на надзвычайную яго стомленасць, нельга было задаволіць, — ён не кінуў хваравіта думаць аб гэтым. Калі ён вярнуўся ў свой пакой — гэта было каля поўначы, — пачвары ўсё яшчэ гналіся за ім, і ён сядзеў, прыслухоўваючыся, ці не падыходзіць яшчэ адзін поезд.

Так было і ў пасцелі, калі ён лёг, не спадзяючыся заснуць. Так прадаўжалася ўсю ноч. Не аўладаўшы сабой, ён усё больш і больш, калі толькі гэта было магчыма, траціў над сабою ўладу ў начныя гадзіны. Калі пачало днець, ён усё яшчэ пакутваў ад думак, усё яшчэ адкладаў размышленні да таго часу, калі становішча яго палепшыцца; мінулае, сучаснае і будучае няўцямна вырысоўваліся перад ім, а ён траціў усякую здольнасць сканцэнтраваць увагу на чым-небудзь адным.

— Калі адыходзіць мой поезд? — запытаўся ён у лакея, які прыслугоўваў яму напярэдадні і ўвайшоў цяпер са свечкай.

— Прыкладна ў чвэрць пятай, сэр. Кур'ерскі праходзіць у чатыры гадзіны, сэр. Ен тут не спыняецца.

Ён правёў рукой па запалёнай галаве і паглядзеў на гадзіннік. Было каля паловы чацвертай.

— Здаецца, вы адзін едзеце, сэр, — заўважыў слуга. — Тут спыніліся яшчэ два джэнтльмены, сэр, але яны чакаюць поезда на Лондан.

— Вы як быццам сказалі, што тут нікога няма, — сказаў Каркер, павярнуўшыся да яго і адлюстраваўшы на сваім твары пада-