Старонка:Домбі і сын.pdf/559

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

які паведаміў, што Фларэнс засумавала, што ў яе цяжка на сэрцы, і яна лягла спаць. Хоць галасы іх не маглі яе патрывожыць, усе пачалі гаварыць пасля гэтага шэптам.

— Містэр Тутс, — сказаў Уолтэр, пры развітанні з ім у дзвярах, — заўтра раніцой мы ўбачымся?

— Лейтэнант Уолтэрс, — адказаў містэр Тутс, горача паціскаючы яму руку, — я абавязкова з'яўлюся.

— Сёнешні вечар — вечар перад доўгай разлукай, — магчыма, разлукай назаўсёды, — сказаў Уолтэр, — спадзяюся, вы разумееце, як глыбока я вам ўдзячан?

— Уолтэрс! — адказаў містэр Тутс, глыбока расчулены. — Я быў-бы рад, калі-б у вас былі падставы для гэтага.

— Фларэнс, — прадаўжаў Уолтэр, — якая астатні дзень носіць сваё ранейшае прозвішча, узяла з мяне слова — гэта было некалькі хвілін назад, калі мы асталіся ўдваіх, — што я перадам вам яе запэўненні ў шчырай любві…

Містэр Тутс ухапіўся рукою за вушак дзвярэй і скіраваў позірк на сваю руку.

— … шчырай любві, — прадаўжаў Уолтэр, — а таксама і ў тым, што ў яе ніколі не было сябра, якім-бы яна даражыла больш, чым вамі. Яна просіць перадаць, што памятае аб вашай нязменнай увазе да яе і ніколі гэтага не забудзецца. Што мне ёй перадаць ад вас?

— Уолтэрс, — невыразна прамармытаў містэр Тутс, — я буду ўспамінаць аб ёй кожны дзень, але заўсёды буду радавацца, бо яна вышла замуж за чалавека, якога кахае і які кахае яе. Перадайце ёй таксама аб маёй упэўненасці ў тым, што яе муж варты яе — нават яе! — і што я рад яе выбару.

Пад канец містэр Тутс пачаў гаварыць больш выразна і, адвёўшы вочы ад вушака дзвярэй, цвёрда праказаў апошнія словы. Пасля ён зноў горача паціснуў руку Уолтэру, на што Уолтэр не зацягваў з адказам, і накіраваўся дадому.

Містэра Тутса суправаджаў Певень, якога ён апошні час прыводзіў з сабою кожны вечар і пакідаў у магазіне. У той дзень Певень, здавалася, быў у дрэнным настроі. Правёўшы містэра Тутса дадому, ён замест таго, каб развітацца, спыніўся перад ім.

Яго апякун, заняты сваімі ўласнымі думкамі, не пазіраў на яго да таго часу, пакуль Певень, не жадаючы аставацца незаўважаным, не пачаў прышчоўкваць на ўсе лады языком, каб звярнуць на сябе ўвагу.

— Паслухайце, гаспадар, — з панурым выглядам сказаў Певень, злавіўшы, нарэшце, позірк містэра Тутса, — я хачу ведаць: справа — дрэнь ці вы маеце намер выйграць гульню?

— Певень, — адазваўся містэр Тутс, — растлумачце сэнс вашых слоў.

— Гаспадар, — сказаў Певень, — справа — дрэнь ці перамога? Што?