Старонка:Домбі і сын.pdf/569

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

вас так, што на гэту добрую справу павінна пайсці ваша частка спадчыны, таксама як і частка Джона?

— О, так, — адказала яна. — Калі мы столькі часу рабілі ўсё і ў нас з ім былі аднолькавыя клопаты, надзеі і мэты, ці магу я думаць, каб мяне адхілілі ад удзелу ў гэтай справе? Хіба я не маю права астацца да самага канца таварышом і памочнікам брата.

— Божа збаў, каб я гэта аспрэчваў! — адказаў ён.

Яна працягнула яму руку і радасна, ад душы падзякавала яму.

— Вы едзеце дадому? — запытаўся ён. — Дазвольце мне праводзіць вас.

— Не, толькі не сёння. Цяпер я не паеду дадому; спачатку я павінна адна наведаць сяго-таго. Заўтра вы прыдзеце?

— Так, так! — сказаў ён. — Заўтра я прыду. Тым часам я падумаю аб тым, як належыць нам дзейнічаць. Магчыма, і вы, дарагая Херыет, аб гэтым падумаеце, і… і… падумайце крыху аба мне ў сувязі з гэтым.

Ён праводзіў яе да карэты, якая чакала ля пад'езда, і, каб не была яго кватэрная гаспадыня глухой, яна-б пачула, як ён мармытаў, калі карэта ад'ехала, а ён падымаўся па лесвіцы, што ўсе мы нявольнікі прывычкі і што гэта сумная прывычка — аставацца старым халасцяком.

Калі Херыет села ў наёмную карэту, фурман, накіроўваючыся ў дарогу, як відаць, добра яму знаёмую, перасек гэту частку прадмесця, выбіраючы бязлюдныя дарогі і, нарэшце, выехаў на адкрытае месца, дзе было раскідана некалькі скромных домікаў, акружаных садамі. Ля адной з калітак карэта спынілася і Херыет вышла.

У адказ на яе ціхі званок з'явілася жанчына са смутнай, бледнай фізіяноміяй, са схіленай на бок галавой і з прыпаднятымі брывамі. Убачыўшы Херыет, яна прысела і павяла яе праз сад да дому.

— Сядзелка, як сябе адчувае сёння ваша хворая? — запыталася Херыет.

— Баюся, што дрэнна, міс. О, як яна мне іншы раз нагадвае дачку майго дзядзі, Бетсі Джэйн! — з нейкай сумнай узрушальнасцю ўсклікнула жанчына з бледным тварам.

— У якіх адносінах? — запыталася Херыет.

— Ва ўсіх адносінах, міс, — адказала тая. — Розніца толькі ў тым, што гэта дарослая жанчына, а Бетсі Джэйн была дзіцем, калі стаяла ля парога смерці.

— Але вы мне гаварылі, што яна паправілася, — смірна запярэчыла Херыет, — тым больш, значыцца, падстаў спадзявацца, місіс Уікем.

— Ах, міс, надзея — цудоўная рэч для тых, у каго хапае жыццерадаснасці жывіць яе! — сказала місіс Уікем, ківаючы га-