Старонка:Домбі і сын.pdf/572

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

сцёнкаў, але ў маёй дачкі добрая радня. Пакажыце мне місіс Домбі, а я вам пакажу маю Эліс — яе дваюрадную сястру!

Херыет адвяла позірк ад старой, глянула ў ззяючыя вочы, што не адрываліся ад яе твара, і убачыла ў іх пацверджанне.

— Так! — закрычала старая, падняўшы дрыготную галаву і пераможаная нейкай страшнай фанабэрыстасцю. — Хоць я цяпер старая і ўродлівая — састарылі мяне не столькі гады, колькі цяжкое жыццё, але калісьці я была маладая. Там, у маёй вёсцы, бацька місіс Домбі і яго брат былі надта вясёлымі джэнтльменамі, і ўсім яны спадабаліся, калі прыязджалі да нас з Лондана… Абодва ўжо даўно памерлі! Божа мой, як даўно гэта было! Адзін з двух братоў, бацька маёй Элі, памёр першым.

Яна падняла галаву і заглянула ў твар дачцэ: успомніўшы аб сваёй маладосці, яна, здавалася, аднавіла ў памяці маладосць свайго дзіцяці. Пасля яна раптам уткнулася тварам у пасцель і сударгава абхапіла галаву рукамі.

— Яны былі падобны адзін на аднаго, як толькі могуць быць падобны два браты, амаль равеснікі, — прадаўжала старая, не падымаючы галавы, — наколькі я прыпамінаю, розніца ва ўзросце была не больш года; і калі-б бачылі маю дачку так, як я бачыла яе аднойчы, побач з дачкою таго, другога, вы-б заўважылі, што, не гледзячы на розніцу ў вопратцы, яны падобны адна да другой. О, няўжо падабенства знікла, і маёй дачцэ — толькі маёй дачцэ — выпала на долю так змяніцца?

— Усе мы змяняемся ў свой час, матуля, — дадала Эліс.

— У свой час! — закрычала старая. — Але чаму гэты час прышоў для маёй дачкі, а не для яе? Яе маці, вядома, змянілася — яна састарэлася таксама, як і я, і здавалася такою самаю маршчыністай, не гледзячы на румяны, — але тая асталася прыгожай. Што-ж такое зрабіла я, у чым я правінілася больш, чым яна, і чаму толькі мая дачка ляжыць тут і чэзне?

Зноў дзіка закрычаўшы, яна выбегла ў той пакой, з якога прышла, хутка вярнулася і падкралася да ложка.

— Вось аб чым Эліс прасіла расказаць, любачка. Я ўсё сказала. Неяк летам, ва Уорыкшыры, я аб гэтым даведалася, калі пачала распытваць і збіраць весткі. У той час мне не было чаго чакаць ад такіх сваякоў. Яны–б мяне не прызналі і нічога-б мне не далі. Бадай, праз некаторы час я і папрасіла-б у іх маленькую суму грошай, калі-б не мая Эліс. Мне здаецца, яна магла-б мяне забіць, калі-б я гэта зрабіла. Яна была па-свойму такой самай гордай, як і тая, другая, — сказала старая, палахліва дакрануўшыся да твара дачкі і хутка адхапіўшы руку, хоць цяпер тая лежала так спакойна. — Але яна яшчэ пасароміць іх сваёй прыгажосцю! Ха-ха! Яна іх пасароміць, мая красуня-дачка!

Яе смех, калі яна выходзіла з пакоя, быў больш страшны, чым яе плач.