Старонка:Домбі і сын.pdf/575

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Містэр Таулінсон думае, што перш за ўсё належыць крыху закусіць, а ў часе гэтай закускі яму хацелася-б зрабіць адну прапанову, якую ён лічыць надта актуальнай пры стварыўшымся становішчы. Калі пачастунак паданы і за яго ўзяліся з вялікай ахвотай, містэр Таулінсон, выкладаючы сваю прапанову, кажа, што кухарка адыходзіць, а калі мы не будзем верны адзін аднаму, то і нам ніхто не будзе верным. Мы-ж доўга жылі ў гэтым доме і заўсёды стараліся захоўваць сяброўскія адносіны. І ў сучасны момант ён лічыць, што належыць зрабіць так: «Адыходзіць адзін, адыходзяць усе!» Пакаёўка глыбока расчулена гэтымі благароднымі словамі і горача падтрымлівае прапанову. Місіс Перч, асвятліўшы пытанне з іншага боку, сцвярджае нават, што далікатнасць у дачыненні да містэра Домбі, які сядзіць замкнуўшыся ў сваіх пакоях, настойліва патрабуе неадкладна адправіцца. «Што павінен ён адчуць, — кажа гэта добрая жанчына, — калі раптам сустрэне каго-небудзь з бедных слуг, якіх ён калісьці ашукаў, бо мы-ж лічылі яго надта багатым?» Робіцца зусім ясна, што пайсці павінны ўсе. Куфры складзены, кэбы наняты, і ў той самы вечар на змярканні нікога з членаў гэтай кампаніі ўжо няма ў доме.

Дом стаіць на доўгай нуднай вуліцы, велічны, і не баіцца непагоды, але ён зрабіўся развалінай, і пацукі ўцякаюць з яго.

Людзі ўсё яшчэ перастаўляюць мэблю, а джэнтльмены з пер'ямі і з чарнільніцамі складаюць вопіс маёмасці.

Пасля, на працягу цэлага дня, на вуліцы цягнецца чарада заплесненых гігаў[1] і карэт; і натоўпы абарваных вампіраў навадняюць дом, стукаюць пальцамі па люстрах, бяруць негарманічныя акорды на раялі, праводзяць мокрым указальным пальцам па карцінах, дыхаюць на лёзы лепшых сталовых нажоў, б'юць бруднымі кулакамі па падушках крэслаў і канап, тузаюць пярыны, адкрываюць і закрываюць усе скрынкі, узважваюць на далоні срэбныя лыжкі і відэльцы, разглядаюць кожную нітачку драпіровак і бялізны і ганяць усё.

Пасля ў самай раскошнай гасцінай выстрайваюцца сталы; і на прыгожых сталах з іспанскага чырвонага дрэва, крытых французскім лакам, на бясконцай прасторы сталоў з выгнутымі ножкамі ставіцца пюпітр аукцыянера; і натоўпы абшарпаных вампіраў збіраюцца вакол, сядаюць на што папала, нават і на камінныя паліцы, і пачынаюць набаўляць цану. Пасля зноў пад'язджаюць заплеснявелыя гігі і карэты, а разам з імі з'яўляюцца рысорныя фургоны і падводы і армія насільшчыхаў з вяроўкамі. Ложачак небаракі Поля адвозяць на маленькай аднаколцы.

Нарэшце, усё вывезена. Нічога не асталося ў доме, апрача раскіданых лістоў каталага, ахапкаў саломы і сена і цэлай

  1. Гіг — двухкалёсны экіпаж.