Старонка:Домбі і сын.pdf/580

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

У сваёй ганарлівасці — гордым ён не перастаў яшчэ быць — ён спакойна назіраў, як свецкае грамадства пакінула яго. Калі грамадства пакідала яго, ён сам ад яго адхіснуўся. Ён не ведаў ніводнага чалавека, які дапамог-бы яму ў няшчасці, апрача той, каго ён выгнаў. Што сказаў-бы ён ёй і якое ўцяшэнне прынесла-б яна яму — аб гэтым ніколі не задумваўся. Але ён ведаў заўсёды, што яна асталася-б яму вернай, калі-б ён дазволіў. Ён ведаў заўсёды, што цяпер яна любіла-б яго больш, чым калі-б там ні было.

Якая-б бура ні разбушавалася ў яго душы і якім-бы ні быў яго вялікі гнеў, выкліканы весткай аб яе шлюбе і накіраваны супроць яе мужа, — усё гэта асталося ў мінулым. Больш за ўсё ён думаў аб тым, што магло быць і чаго не было. Тое, што было, зводзілася да наступнага: яна для яго страчана, а ён сагнуўся пад цяжарам гора і раскаяння.

Цяпер ён адчуваў: у гэтым доме нарадзілася ў яго двое дзяцей, і гэтыя голыя сцены злучылі яго сувязямі пакутлівымі, але моцнымі з двума дзецьмі і з падвойнай стратай. Ён хацеў пакінуць дом — ведаючы, што пайсці ён павінен, і не ведаючы, куды ісці — вечарам таго дня, калі гэта пачуцце ўпершыню ў ім умацавалася; але пасля вырашыў правесці тут яшчэ адну ноч і ўночы апошні раз паблукаць па пакоях.

У глухую поўнач ён вышоў з свайго прытулку і са свечкай у руцэ пачаў падымацца ціхенька па лесвіцы. Прыпыніўшыся, ён паглядзеў наверх, і, здавалася, зноў з'явілася тут дзіцячая фігурка, якая несла на руках дзіця і ішла напяваючы.

Ён блукаў па пакоях — зусім нядаўна яны былі такімі раскошнымі, а цяпер зрабіліся такімі пустэльнымі і сумнымі; нават іх форма і памер як быццам змяніліся. Ён не ведаў, у якім з гэтых пакояў яна жыла, калі аставалася адна. Ён рад быў пайсці адсюль і падняцца вышэй. З гэтымі пакоямі былі звязаны ўспаміны аб здрадлівай жонцы, аб здрадлівым сябры і слузе, аб хісцкім фундаменце, на якім трымалася яго ганарлівасць, цяпер ён не хацеў аддавацца ўсім гэтым успамінам і безнадзейна, смутна, з любоў думаў толькі аб сваіх дзецях.

Усюды сляды ног! Людзі не пашкадавалі старога пакоя наверсе, дзе стаяў маленькі ложачак; гаротны, разбіты чалавек, ён ледзь мог знайсці чыстае месцейка, каб кінуцца на падлогу ля сцяны і даць свабоду слязам. Столькі слёз праліў ён тут шмат гадоў назад, што ў гэтым пакоі менш сароміўся сваёй слабасці.

Калі развіднела, ён зноў замкнуўся ў сваім пакоі. Ён хацеў паехаць сёння. Але чапляўся за гэтыя сувязі, што прывязвалі яго да дому — апошняе і адзінае, што асталася ў яго. Ён паедзе заўтра. Надышло заўтра. Ён паедзе заўтра. Кожную ноч — аб гэтым не ведала ні адна жывая істота — ён выходзіў з свайго пакоя і бадзяўся, як здань, па спустошаным доме. Раніцамі, калі пачынаўся дзень і святло ледзь пранікала праз спушчаныя шторы ў яго пакоі, ён сядзеў са змяніўшымся тварам і разважаў аб