Старонка:Домбі і сын.pdf/584

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

РАЗДЗЕЛ LХ,

у якім апавядаецца галоўным чынам аб вяселлях.

Прыкладна ў гэты час адбылося, пасля сканчэння паўгоддзя, урачыстае святкаванне ў доктара і місіс Блімбер, якія прасілі ўсіх маладых джэнтльменаў, што навучаліся ў гэтай благароднай ўстанове, прыехаць а палове восьмай на раннюю вечарынку з кадрыляю; пасля маладыя джэнтльмены, зусім не выказваючы няўмеснай радасці, раз'ехаліся дадому, начыненыя па горла навукамі.

Ніводнага слова не было сказана маладым джэнтльменам, ніводнага намеку не было зроблена на меўшае быць вяселле містэра Фідэра, бакалаўра мастацтваў, з цудоўнай Карнеліяй Блімбер; тым не менш усе маладыя джэнтльмены вельмі добра гэта ведалі і, ад'язджаючы да сваякоў і сяброў, з пачцівай жахлівасцю развітваліся з містэрам Фідэрам.

Самыя рамантычныя мары містэра Фідэра ажыццявіліся. Доктар вырашыў пакрасіць дом знадворку, адрамантаваць яго ўноў, перадаць установу разам з Карнеліяй у другія рукі. Пакраска і рамонт пачаліся адразу-ж пасля ад'езду маладых джэнтльменаў, і вось прышоў ужо дзень вяселля, і Карнелія ў новых акулярах чакала, каб яе павялі да алтара Гіменея[1].

Доктар, місіс Блімбер у бэзавым чапцы, містэр Фідэр, бакалаўр мастацтваў, з доўгімі пальцамі і са шчаціннем на галаве, і брат містэра Фідэра, прападобны Альфрэд Фідэр, магістар мастацтваў, які павінен быў утварыць абрад, сабраліся ў гасцінай, і Карнелія з флер-д'оранжам[2] і шаферкамі толькі што спусціліся ўніз, як раптам расчыніліся дзверы і падслепаваты малады чалавек гучным голасам абвясціў:

Містэр і місіс Тутс!

Пасля чаго ўвайшоў містэр Тутс, які надта растаўсцеў, і пад руку з ім лэдзі з вельмі бліскучымі чорнымі вачыма, апранутая надта элегантна і з густам.

— Місіс Блімбер, — сказаў містэр Тутс, — дазвольце прадставіць вам маю жонку.

Місіс Блімбер была вельмі рада пазнаёміцца з ёю.

— І з прычыны таго, што вы мяне даўно ведаеце, — сказаў містэр Тутс, — то дазвольце вам паведаміць, што гэта адна з самых выдатных жанчын.

— Дарагі мой! — запратэставала місіс Тутс.

— Клянуся гонарам, гэта так, — сказаў містэр Тутс. — Я… я запэўняю вас, місіс Блімбер, што яна — надзвычайная жанчына.

Місіс Тутс весела засмяялася, і місіс Блімбер павяла яе да Карнеліі. Містэр Тутс пайшоў з містэрам Фідэрам, бакалаўрам мастацтваў, у нішу ля акна.

  1. Гіменей (грэч. міф.) — бажаство, апякун шлюбаў.
  2. Флер-д'оранж — штучныя памяранцавыя кветкі, упрыгожанне ўбрання маладой на вяселлі.