Старонка:Домбі і сын.pdf/586

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

дарагая мая С'юзен. Яна можа зараз-жа ўсхвалявацца, — звярнуўся містэр Тутс да місіс Блімбер, — і тады яна зусім забывае пра парады доктара.

Місіс Блімбер унушала місіс Тутс неабходнасць асцерагацца, калі містэр Фідэр, бакалаўр мастацтваў, прапанаваў ёй руку і павёў да карэты, каб ехаць у царкву. Доктар Блімбер прапанаваў руку місіс Тутс. Містэр Тутс прапанаваў руку цудоўнай нявесце, вакол ззяючых акуляраў якой ляталі, як матылькі, дзве шаферкі ў газавых сукенках. Брат містэра Фідэра, містэр Альфрэд Фідэр, магістр мастацтваў, паехаў у царкву раней, каб прыступіць да выканання сваіх абавязкаў.

Цырамонія прайшла надзвычай добра. Пасля для той-жа маленькай кампаніі было сервіравана снеданне, у часе якога ў містэра Фідэра, бакалаўра мастацтваў, быў надзвычай добры настрой, які перадаваўся місіс Тутс, і містэр Тутс некалькі разоў гаварыў ёй праз стол: «Дарагая мая С'юзен, не стамляйцеся!» Але найбольш выдатным момантам была прамова містэра Тутса.

— У гэтым доме… — сказаў містэр Тутс, — што-б тут было зроблена для… для засмучэння майго розуму… усё гэта не мае ніякага значэння, і я нікога ў гэтым не вінавачу… у гэтым доме са мною заўсёды абыходзіліся як з членам сям'і доктара Блімбера, і ў мяне на працягу доўгага часу быў свой уласны пюпітр, і я… не магу… дапусціць… каб мой сябра Фідэр.

Місіс Тутс падсказала: «Жаніўся».

— Магчыма, у даным выпадку, — сказаў містэр Тутс з прасвятлеўшай фізіяноміяй, — будзе да вядомай ступені да месца і цікава адзначыць, што мая жонка — самая дзівосная жанчына і з гэтай прамовай яна-б справілася значна лепш, чым я… дапусціць, каб мой сябра Фідэр жаніўся, у асаблівасці жаніўся з…

Місіс Тутс падказала: «З міс Блімбер».

— З місіс Фідэр, любачка! — панізіўшы голас, запярэчыў ёй містэр Тутс. — Я не магу дапусціць, каб мой сябра Фідэр жаніўся… з місіс Фідэр, без таго, каб не агаласіць за іх… за іх тост. І няхай, — прадаўжаў містэр Тутс, накіраваўшы позірк на сваю жонку, нібы з мэтай натхніцца і залунаць, — і няхай факел Гіменея будзе для іх маяком шчасця, і няхай кветкі, якімі мы ўсыпалі сёння іх шлях, будуць… гнаць… смутак!

Містэр Блімбер, які любіў надта метафары, астаўся здаволены і заўважыў: «Надта добра, Тутс! Цудоўна сказана, Тутс!», пасля кіўнуў галавой і пацёр рукі. Містэр Фідэр праказаў у адказ юмарыстычную фразу, аднак, прасякнутую пачуццём.

Містэр і місіс Тутс накіраваліся ў гасцініцу Бедфорда (місіс Тутс бывала яшчэ там у тыя часы, калі насіла дзявочае прозвішча Ніпер) і знайшлі там пісьмо, якое містэр Тутс чытаў бясконца доўга, і місіс Тутс спалохалася.

— Дарагая мая С'юзен, — сказаў містэр Тутс, — спалох яшчэ горш, чым стомленасць. Супакойцеся, калі ласка!

— Ад каго гэта пісьмо? — запыталася місіс Тутс.